BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Святара Анджэя Юхневіча замест палітыкі абвінавачваюць у педафіліі

Зняволенага пробашча каталіцкай парафіі ў Шуміліне Анджэя Юхневіча пачнуць судзіць 27 снежня, піша katolik.life.

Айца Анджэя Юхневіча першапачаткова затрымлівалі па палітычных адміністрацыйных артыкулах і трымалі больш за 55 сутак у ізалятары ў цяжкіх умовах. Яго некалькі разоў запар судзілі і працягвалі арышт. Затым супраць святара завялі крымінальную справу, але па якім абвінавачванні, не было вядома. Толькі цяпер, калі прызначылі суд, высветлілася, што пробашча абвінавачваюць адразу па трох артыкулах, але «палітычных» сярод іх няма. Гэта артыкулы, якія тычацца палавых стасункаў з непаўнагадовымі, па іх прадугледжана ад 5 да 13 гадоў пазбаўлення волі.

Раней вернікі казалі пра тое, што святару пагражалі з-за яго прынцыповай пазіцыі падобнай сфальсіфікаванай справай. Пра цяперашні стан святара вядома мала — лісты ад яго вернікам перасталі прапускаць. Тыя, хто блізка знаёмыя з айцом Анджэем, запэўніваюць, што ён не мог здзейсніць тых злачынстваў, якія яму інкрымінавалі, і лічаць, што справа сфабрыкавана.

Мясцовыя вернікі таксама адгукаюцца пра святара толькі пазітыўна і не вераць у абвінавачанне. Віцебская курыя пакуль нічога не паведамляла адносна справы ў дачыненні шумілінскага пробашча. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Наколькі вядома, гэта першы ў гісторыі Беларусі суд па абвінавачанні каталіцкага святара ў педафіліі.

 Фота: katolik.life