Некалькі дзён таму адбылося чарговае пасяджэнне аргкамітэта па адзначэнні Дня Волі, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, палітычных партый, а таксама суарганізатары акцый у Вільні і Варшаве.

Пра тое, як ідзе падрыхтоўка да сёлетняга Дня Волі, распавёў старшыня аргкамітэта Павел Севярынец:
-Правялі арганізацыйны камітэт. Дамовіліся, каб усе асноўныя арганізатары Дзён Волі па буйнейшых гарадах, дзе ёсць беларусы, сустракаліся ў асобным працоўным чаце. Пачалі збор сродкаў. Я ведаю, што Вільня ўжо запусціла збор сродкаў, рыхтуецца Варшава. Таксама ведаю, што беларусы ва Украіне рыхтуюцца адзначыць Дзень Волі на фоне магчымага візіту і сустрэчы Святланы Ціханоўскай з кіраўніцтвам Украіны.
Паўла таксама здзівіла геаграфія беларусаў, якія далучацца сёлета да святкавання Дня Волі:
-Я не ведаў, што Дзень Волі адзначаюць і ў Чылі, і ў Арменіі, і ў Грузіі, і ў розных штатах ЗША. Для мяне было адкрыццём, што нават далёка ад усходняга ўзбярэжжа, дзе канцэнтруецца асноўная колькасць беларусаў, ёсць вялікія супольнасці і там збіраюцца дзясяткі і сотні беларусаў на беларускія імпрэзы, канцэрты, адзначэнні, і на Дзень Волі таксама.
Па папярэдняй інфармацыі, Дзень Волі сёлета адзначаць у больш чым 20 краінах свету.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






