BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Таццяна Хоміч: У нас няма ніякай інфармацыі

Таццяна Хоміч і Марыя Калеснікава. Фота з асабістага архіву Таццяны Хоміч

Сённяшняя “Госця Рацыі” — Таццяна Хоміч, сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай, сузаснавальніца Асацыяцыі сваякоў і былых палітзняволеных. Гутарым з ёй пра Марыю, аб якой нічога не вядома ўжо каля году. А таксама — пра ролю ААН у вызваленні беларускіх палітвязняў. Каля мікрафону — Алеся Вербаловіч.

РР: Колькі часу ўжо нічога не чуваць пра Марыю Калеснікаву?

– У нас няма ніякай сувязі з Машай ужо практычна год, з сярэдзіны лютага 2023 года. Тады быў апошні ліст ад Машы. Напачатку лютага з ёй яшчэ сустракаўся адвакат, гэта было год таму, у 2023 годзе. З тых часоў няма ніякіх лістоў, няма тэлефанаванняў.

Адвакаты спрабавалі яе пабачыць, сустрэцца, але было адмоўлена. Тады гэта матывавалася тым, што ад Машы няма заявы на спатканне. Гэта такая абавязкова працэдура. Пазней нам ужо стала вядома, але зноў жа гэта такая інфармацыя, якая прыходзіла ананімна, што Маша знаходзіцца ў ПКТ.

Практычна ўвесь гэты час мы не ведалі, калі яе змясцілі ў памяшканне камернага тыпу ў калоніі, наколькі. На ўсе афіцыйныя звароты ў калонію, у пракуратуру, прыходзілі адпіскі, ніякай канкрэтнай інфармацыі пра ўмовы яе ўтрымання, знаходзіцца яна ПКТ ці ў ШІЗА, ці абмежавана з ёй перапіска, увогуле нічога не паведамлялі, гэта заўсёды былі адпіскі.

РР: Што было вядома пра яе здароўе па апошняй інфармацыі?

– Нагадаю, што напрыканцы лістапада 2022 года Машы зрабілі аперацыю. У яе была прабадная язва. Як пасля стала вядома, яна сама казала, што яна не магла доўгі час есці нармальна ежу, якая была ў калоніі. Бо яна была вельмі цяжкая і яе стан здароўя не дазваляў есці ежу ў калоніі. Таму Маша згубіла вагу, каля 15 кілаграм, як яна сама тады казала. Гэта было на канец студзеня 2023 года.

Нагадаю таксама, што ў беларускіх прапагандысцкіх каналах тады з’явілася фота з сустрэчы таты з Машай, гэта было ў снежні 2022 года. Было бачна, што Маша вельмі моцна схуднела. Яна была месяц пасля аперацыі. Я баюся, што ў такой сітуацыі, улічваючы тое, што Маша хутчэй за ўсё знаходзіцца ў ПКТ. Мы не можам перадаць ёй перадачы. Па-першае, яны не прадугледжаныя самімі ўмовамі ўтрымання ў ПКТ. Там магчымая толькі маленькая двухкілаграмовая бандэроль раз на паўгады. І тое мы не можам гэта зрабіць.

Калі мы звярталіся, то нам у гэтым адмаўлялі. Мы не ведаем ці аказваюць ёй медычную дапамогу, ці працягваюць яе лячыць, ці дазваляюць аднаўляць здароўе. Я мяркую, што не на самой справе. На той момант Маша была вельмі радая пабачыць тату. У снежні 2022 года, калі яны сустрэліся літаральна на 10 хвілін, гэта быў напэўна першы раз, больш чым за два гады, калі яны змаглі ўвогуле дакрануцца адзін да аднаго.

Усе спатканні і сустрэчы дагэтуль праходзілі за шкляной перагародкай. Гэта было ў СІЗА і аднойчы ў калоніі. На той момант Маша ўсміхалася і перадавала ўсім прывітанні. Адвакаты казалі пра тое, што калі яшчэ маглі наведваць, студзень пачатак лютага, было бачна, што Маша моцна схуднела. Пад канец яна пачала набіраць вагу. Цяпер у нас няма ніякай інфармацыі пра яе стан здароўя.

Поўная гутарка ў далучаным гукавым файле:

Як мінімум 1419 чалавек у Беларусі прызнана палітзняволеннымі. Таццяна Хоміч кажа, задача актывістаў і палітыкаў за мяжой пастаянна нагадваць пра іх, каб гэтая балючая тэма заставалася ў міжнароднай павестцы.

Беларускае Радыё Рацыя