Сённяшняя Госця Радыё Рацыя – Таццяна Шчытцова, філосаф, прафесар ЕГУ і прадстаўніца па пытаннях адукацыі ў офісе Святланы Ціханоўскай. Гутарым з ёй пра тое, што адбываецца ў адукацыі — факультатыў па вайсковым перакладзе і татальную мілітарызацыю. Размаўляе з ёй наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.

РР: Мы з вамі якраз планавалі паразмаўляць пра гэты факультатыў па вайсковым перакладзе. Да чаго ён увогуле, няўжо дзяржава насамрэч разлічвае ўсур’ёз, што школьнікам у тэорыі прыйдзецца дапытваць ваеннапалонных?
Таццяна Шчытцова: З’яўленне гэтага факультатыву цалкам укладваецца ў логіку мілітарызацыі, якая распачалася вельмі моцна з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, але і перад гэтым, канешне, былі пэўныя перадумовы, падставы. Але калі рэжым Лукашэнкі стаў суагрэсарам, у гэтым усім кантэксце пачалі разгортвацца пэўныя крокі і рашэнні, якія ўзмацнялі вось гэту мілітарызацыю. Тут дастаткова згадаць узмацненне ваенна-патрыятычнага выхавання. І гэта тычыцца і школ, і нават ВНУ. Пэўныя крокі адміністратыўныя і таксама розныя ініцыятывы ўжо запушчаны. І вось гэтае з’яўленне новага факультатыва ў школах для 10-11 класаў гэта цалкам укладаецца ў гэты накірунак.
Што тут яшчэ трэба дадаць? Гэта, канешне, звязана з пэўнай ідэалогіяй, якую стварае і падзяляе рэжым Лукашэнкі разам з пуцінскімі прапагандыстамі і ідэолагамі. І гэта ідэалогія вельмі падобная да ідэалогіі перыяду халоднай вайны. Проста зараз вось гэта ідэалогія, новая ідэалогія халоднай вайны, ствараецца на фоне канкрэтнай гарачай вайны, якая адбываецца ў нашым рэгіёне. І галоўная рыса гэтай ідэалогіі так структурна, гэта якое светабачанне, які погляд закладзены ў аснову, – гэта падзяленне ўсяго свету на сваіх і чужых. І адпаведна тады свой сусвет, выбудаваны на пэўным ідэалагічным падмурку, а чужыя разглядаюцца менавіта як патэнцыйныя альбо рэальныя ворагі. І ворагі, напэўна, могуць быць і звонку, і ўнутры. Такі падыход.
Тое, што старшакласнікаў рыхтуюць менавіта вось па гэтай спецыяльнасці, пасля гэтую спецыяльнасць падлеткі могуць працягнуць і на ўзроўні ВНУ, проста істотна тут, што яна пачынаецца на ўзроўні школы. І вось гэта, канешне, трэба падкрэсліваць. Менавіта мілітарызацыя школы працягваецца і паглыбляецца.
Як кажа экспертка, у такія няпростыя часы менавіта на бацькоў кладзецца дадатковая адказнасць па выхаванні і інфармацыйнай гігіене дзяцей.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tsikhanouskaya.org






