У архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску з нагоды 80-годдзя Арцыбіскупа-эмерыта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча адбылася святая імша.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся на Гарадзеншчыне ў вёсцы Адэльск. Пасля заканчэння школы вучыўся ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце на фізічна-матэматычным факультэце. Час быў такі, што студэнт вымушаны быў сысці з інстытуту праз тое, што яго абвінавацілі ў неаднаразовым наведванні царквы. Кандрусевіч пераехаў у Ленінград і там у 1970 годзе з адзнакаю скончыў энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытуту. Да 1977 года працаваў інжынерам на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў. І нават у складзе групы інжынераў вынайшаў спецыяльны высакахуткасны шліфавальны станок для Волжскага аўтазаводу.
Але далейшае жыццё Тадэвуш Кандрусевіч прысвяціў служэнню Богу. Спачатку ў 1981 годзе скончыў Ковенскую духоўную семінарыю і быў пасвечаны ў святары. А ў 1988-м абараніў дысертацыю на ступень доктара багаслоўя. У 1991-м святара прызначылі арцыбіскупам, апостальскім адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расеі. А з 1999-га да 2007 года арцыбіскуп Кандрусевіч узначальваў Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў у Расеі.
У 2007 годзе ўказам быў пераведзены ў Менска-Магілёўскую катэдру ў Беларусі. За час біскупскага служэння заснаваў Гарадзенскую духоўную семінарыю. Спрыяў адкрыццю каля сотні раней зачыненых святыняў і першаму выданню на беларускай мове 100 000 асобнікаў Ordo Missae і 95 000 катэхізісу. І гэта далёка не ўсе заслугі падчас служэння ў Беларусі.
Але 2020 год нанёс удар і па арцыбіскупу. Пасля крывавых падзеяў ночы пасля прэзідэнцкіх выбараў Тадэвуш Кандрусевіч не павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогаю. Замест гэтага заклікаў спыніць гвалт. 14 жніўня арцыбіскуп звярнуўся са зваротам да Лукашэнкі, у якім яшчэ раз запатрабаваў спыніць гвалт. Адказ не прымусіў сябе чакаць, і ўжо 31 жніўня арцыбіскупа не ўпусцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся з паездкі.
Святар вярнуўся ў Беларусь на Каляды 24 снежня, пасля таго як апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці прывёз пасланне, што трэба знайсці выйсце з сітуацыі.
3 студзеня 2021-га, у дзень 75-годдзя, Тадэвуш Кандрусевіч пайшоў у адстаўку.
Сёння Тадэвуш Кандрусевіч мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, святар праходзіць курсы хіміятэрапіі. Летась у сакавіку ён публічна расказаў, што мае метастазы ў лёгкіх, таму трэба прайсці яшчэ некалькі курсаў. На святой літургіі з нагоды 80-годдзя свайго суайчынніка, беларуса, які зрабіў вялікі ўнёсак у справу адраджэння Касцёлу ў Беларусі, вернікі віншуюць Тадэвуша Кандрусевіча і зычаць яму здароўя на доўгія гады.
Крыніца: “Белсат”






