«Жывёліны… Жанчыну, сталага чалавека. Калі ўжо яны наядуцца?(((((», – піша ў сябе ў фэйсбуку вядомая прадстаўніца беларускага музычнага свету. Гэта рэакцыя на затрыманне маці Паўла Севярынца Таццяну Севярынец.
Мая першая рэакцыя на ўбачаны пост была жаданнем на «калі?» адказаць «ніколі». З іншага боку, слушнасць думкі «ніколі не кажы «ніколі» ніхто не аспрэчыў.
Мы не ведаем у які спосаб спадарыня Тацяна Севярынец трапіла ў шэрагі затрыманых. Магчыма, рандомна ад губазікаў, якія блізка не ведаюць што гэта за сям’я Севярынцаў такая. Магчыма, мэтанакіравана ад кгбістаў ці якіх іншых спецыяльна арыентаваных службаў.
Так ці інакш, пакуль Лукашэнка дзеяздольны, нічога не зменіцца – рэпрэсіі будуць працягвацца.
Але што можа змяніцца? Напрыклад, стаўленне да сітуацыі, якая склалася.
У якасці трэнінгу вельмі раю падпісвацца ў сацыяльных сетках на акаўнты ізраільцянаў. Для разумення кантэксту адзначу, што нават артадаксальныя ізраільцяне ўзялі ў рукі зброю. Чаго не дазвалялі сабе нават падчас Вайны Суднага дню, на пяцідзесяцігадовы юбілей якой быў зроблены напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023.
Гэты апошні напад, фактычна ваеннае ўварванне, спыніў у Ізраілі пытанні кшталту «калі яны ўжо наядуцца?», адказ відавочны, бо пакуль жывыя – ніколі.
У 2020 годзе на беларускія вуліцы першыя тры дні выходзілі найперш маладыя людзі, якія апроч лукашызму нічога не бачылі. І яны пратэставалі супраць існага стану рэчаў. А рэжым баранілі іхныя аднагодкі, якія замест свабоды абралі пагоны, выдадзеныя злачынцам.
І яны не «наядуцца», бо служба свайму патрону – гэта іх адзіны выбар.
Прыкмета часу – галоўныя служкі рэжыму лукашыстаў на выгляд тыя самыя батанікі. Непрыкметныя на вуліцы юнакі. Не маючы сацыяльных навыкаў, не сфармаваныя як асобы, яны пасля школы ідуць «у праграмісты», і іх вярбуе МУС і КГБ. І вось яны з дапамогай сучасных тэхналогіяй сядзяць суткамі шукаюць удзельнікаў акцый пратэсту, альбо тых, хто тых удзельнікаў падтрымліваў.
Я нават не ўпэўнены ці да канца яны разумеюць, што часта забіваюць людзей, адпраўляючы іх за краты са шматлікімі праблемамі са здароўем. І што ці яны ў прынцыпе разумеюць, што выконваюць злачынныя загады незаконнай улады.
І вось яны такія самыя, ці не большыя, ворагі, чым губазік і амапавец.
Беларусы як бы спаралізаваныя, прынамсі, эмацыйна. Няўжо нам патрэбныя такія дзікія масавыя забойствы як у Ізраілі, каб зразумець, што з таго боку вораг, і сам па сабе ён дакладна здавацца не плануе.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя