BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тэма дня: Мінуў тыдзень

Гэтым разам выпуск «Мінуў тыдзень» супаў з тэмай «мінуў год».

Другі год у новай рэальнасці дзе расейскае палітычнае кіраўніцтва знішчае ўкраінскія гарады і сёлы, дзе адкрываюцца ўсё больш страшныя падрабязнасці акупацыі расейцамі ўкраінскай тэрыторыі, і той год калі ў заходніх дэмакратыях папулісты з сумневам разважаюць ці далей падтрымліваць Украіну.

Для беларусаў прамінулы 2023 быў трэцім годам масавых рэпрэсій. Больш за пяцьсот дзён няма ніякіх звестак ад Мікалая Статкевіча, тыднямі і месяцамі нічога не вядома пра Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага ды ўдзельнікаў іхных камандаў.

На мінулым тыдні 30 снежня палітзняволеныя грамадскі актывіст Павел Севярынец і журналіст Ігар Карней адзначалі свае дні нараджэння за кратамі.

Людзі, якія за мяжой выступаюць ад імя дэмакратычных беларусаў, акцэнтуюць увагу на неабходнасці спрыяць вызваленню палітвязняў, але не тлумачаць як гэта зрабіць.

На маё персанальнае меркаванне, «лідары беларускай апазіцыі» не могуць казаць пра неабходнасць сілавога варыянту, бо на Захадзе іх могуць не зразумець палітыкі, якія выступаюць за спыненне канфлікту з Пуціным.


29 снежня сталася вядомым пра спыненне літаратурнага часопісу «Дзеяслоў». За больш як дваццаць гадоў выйшла 127 выпускаў. Ва ўмовах гвалтоўнага звужэння незалежнага беларускага культурнага поля «Дзеяслоў» быў важным апірышчам для шматлікіх беларускіх літаратараў ды іх чытачоў.

Гісторыя з «Дзеясловам» вартая асобнага разгляду, бо яна паказальная.

Чаму часопіс спыняе выпуск, я магу толькі здагадвацца. Як большасць культурных праектаў ва ўмовах дыктатуры «Дзеяслоў» існаваў коштам донарскай падтрымкі тых ці іншых заходніх фондаў.

Дапускаю, што логіка адмовы ў фінансаванні была такая. Вы цяпер не ў Беларусі, сустрэчы з чытачамі ладзіць не можаце, а значыць ні на што не ўплываеце ў грамадскім сэнсе. Нічога асабістага, але аддаленую перспектыву мы не падтрымліваем, а літаратурай самой па сабе не цікавімся.

Я агучыў толькі гіпотэзу, але штосьці падобнае цяпер адбываецца з беларускімі медыйнымі праектамі за мяжой.


З замежных падзеяў апроч вайны ва Украіне для беларусаў, відаць, найбольш важнымі сталіся вайна ў Ізраілі і парламенцкія выбары ў Польшчы.

З Ізраілем ёсць відавочная рэч і ёсць не ўсімі прыкмечаная. Першае – гэта тое, што ў Ізраілі велізарная колькасць выхадцаў з Беларусі. Для многіх там жывуць сябры, былыя калегі ці суседзі, за якіх беларусы перажываюць.

А не ўсім відавочны аспект у тым, што Ізраіль – гэта фарпост заходняй цывілізацыі. Так-так, якой бы адрознай ад усіх ні была іудэйская рэлігія і габрэйская традыцыя наагул, адносна глабальнага Усходу Ізраіль рэпрэзентуе заходнюю цывілізацыю.

А палітычныя аглядальнікі ў адзін голас кажуць пра тое, што за спансараваннем тэрарыстаў у сектары гораду Газы тырчаць вушы не толькі Ірану, але і Крамля.

То бок, гаворачы пра Ізраіль, мы маем на ўвазе адзін з франтоў вайны, якую вядзе Крэмль.


Выбары ў Польшчы. Ужо не першы раз прэм’ер-мінстрам робіцца Дональд Туск. Ён рэпрэзентуе яшчэ да нядаўняга часу апазіцыю, цяпер кіроўную кааліцыю. Розніца для Польшчы будзе ў тым, што ўнутраны лад палітычнага жыцця новая ўлада плануе вяртаць да тых нормаў, якія бачаць у кіраўніцтве Еўразвязу.

А вось для беларусаў ёсць простая, і, хутчэй за ўсё, пазітыўная навіна – для беларусаў нічога не зменіцца. Прынамсі, так прагназуюць аглядальнікі, якія займаюцца польскай знешняй палітыкай.

Пазітыў у тым, што Польшча надалей будзе працягваць руку дапамогі беларусам, якіх рэпрэсавалі ці якім пагражаюць рэпрэсіі.

А нам беларусам я жадаю ў наступным 2024 годзе быць сабранымі, сканцэнтраванымі і максімальна рацыянальнымі. Час эмоцый мінае, трэба жыць і для сябе і для Беларусі.

Краіна мусіць належыць грамадзянам!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя