BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тэма дня: “Мінуў тыдзень”

На мінулым тыдні 1-га сакавіка памерла ў шпіталі беларуска Лізавета, згвалтаваная і скалечаная ў цэнтры Варшавы.

Падзея вельмі салідарызавала беларусаў, калі на планаваную медычную рэабілітацыю дзяўчыны цягам трох дзён больш за дзесяць тысяч чалавек сабралі больш як 137 000 даляраў у эквіваленце.

Апроч матэрыяльнага, ёсць вялікі гуманітарны складнік у гэтай трагічнай гісторыі. Шмат вядомых людзей выказаліся, а польскія ўлады заявілі, што перагледзяць крымінальнае заканадаўства.

_________________

На мінулым тыдні як ніколі ў жыцці без энтузіязму згадвалі шоў, пад назвай «выбары», ініцыяванае Лукашэнкам 25 лютага. Палітычныя аглядальнікі хіба што заўважылі, што ў «палату прадстаўнікоў» прасунулі некалькіх прапагандыстаў. Маўляў, настолькі млявыя і бляклыя астатнія псеўдадэпутаты, што не здольныя прамаўляць перад электаратам.

_________________

На мінулым тыдні ў Маскве пахавалі апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, забітага ў калоніі праз ненаданне медычнай дапамогі.

На пахаванне прыйшло вельмі шмат людзей, калі ўлічыць, што кожнага з іх спецслужбы мусілі фіксаваць. Бо павага да Навальнага ёсць аўтаматычным актам нелаяльнасці Крамлю.

Магчыма, мы назіралі гуртаванне людзей вакол апошняга на бліжэйшы час «цэнтральнага» апазіцыйнага імя ў Расеі.

З іншага боку, у расейскіх рэгіёнах выспяваюць свае апазіцыйныя рухі. Галоўнае, каб яны дзейнічалі сінхронна, інакш калі паасобку, то будуць раздушаныя.

_________________

На мінулым тыдні адбылася паказальная гісторыя з маладым беларусам у Літве. У інтэрв’ю для расейскамоўнай відэаблогеркі, якая прыехала ў Літву з Казахстану, беларус заявіў, што не паважае ні Літву, ні яе мову, ні яе законы, ні яе кошты.

У беларуса працоўны ВНЖ, на здымку выглядае на чалавека дваццаць з хвосцікам гадоў. Міграцыйная служба Літоўскай Рэспублікі пачала праверку.

Раблю стаўку на тое, што доўга ў Літве малады чалавек не пратрымаецца.

Бачым свежую генерацыю людзей, якія «палітыкай не цікавяцца», і не разумеюць якія могуць быць наступствы іх словаў. Адносна нядаўна ў такім стылі іх украінскі равеснік пасцябаўся з польскай мовы, і быў дэпартаваны з Польшчы.

_________________

Таксама 1-га сакавіка развіталіся з Андрэем Александровічам – беларускім журналістам, апошнім часам рэдактарам выдання «Белорусы и рынок», ён пайшоў з жыцця ў Варшаве.

Як і большасць незалежных журналістаў быў вымушаны выехаць з Беларусі, каб працягваць прафесійную дзейнасць. Тым больш, што дырэктар выдання «Белорусы и рынок» Канстанцін Залатых асуджаны і знаходзіцца за кратамі.

Андрэй Александровіч – прызнаны ў медыйным асяроддзі прафесіянал высокага ўзроўню. Таксама імя Андрэя добра вядомае людзям, звязаным з фінансамі і бізнесам, і адпаведна чытачам эканамічнай тэматыкі.

_________________

На мінулым тыдні мы так і не дазналіся пра «справу архітэктараў», якіх масава затрымлівалі на пачатку году, але мы ўведалі пра чарговую «справу медыкаў» – не менш за дзесяць чалавек былі затрыманыя адначасова.

Падтрымліваем сваіх як можам і дзе можам! Жыве беларуская салідарнасць!

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя