Мінулы тыдзень пачаўся з масавай ракетнай атакі на Украіну 8 ліпеня. На мінулым тыдні 11 ліпеня была гадавіна па смерці ў лукашэнкаўскай вязніцы мастака і грамадскага дзеяча Алеся Пушкіна. Камусьці падасца, што падзеі не звязаныя, але яны пра адно – пра агрэсію Расейскай імперыі.
Згадваем факты і тэндэнцыі грамадска-палітычнага жыцця мінулага тыдня.
Каля сарака ракетаў рознага тыпу Расея запусціла па ўкраінскіх гарадах Кіеў, Днепр, Крывы Рог, Краматорск, Славянск і Пакроўск 8 ліпеня.
У выніку загінула 42 чалавекі, з іх чацвёра дзяцей. 190 чалавек атрымалі раненні, з іх 13 – дзеці.
Мяркую, самыя ўразныя кадры былі з Кіеву, дзе ракеты патрапілі ў лякарню «Охматдет»: маленькія анкалагічна хворыя пацыенты на вуліцы з кропельніцамі.
Самае страшнае ў сітуацыі, што калектыўны Захад, які б мог дапамагчы, заняты сваімі ўнутранымі, дэ-факта эгаістычнымі, справамі.
Слухаеш вайсковых аналітыкаў розных краінаў, і чуеш, што калі Украіна ўтрымае хоць бы тыя тэрыторыі, што мае, – гэта будзе ўжо поспех.
Псіхалагічная важнасць падзеяў 8-га ліпеня ў тым, што бачна, што свет на столькі прызвычаіўся да вайны ва Украіне, што фактычна не рэагуе на ўсё большыя маштабныя злачынствы пуцінскага рэжыму.
Ва ўкраінскай прасторы на поўным сур’ёзе разважаюць пра магчымасць ужывання Расеяй тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Украіны.
Гадавіна смерці мастака Алеся Пушкіна – нагода ўзгадаць, што на фоне вайны Расеі супраць Украіны Лукашэнка не саромеецца сваіх дзеянняў супраць апанентаў свайго ж рэжыму.
Калі хто не памятае, Алесь Пушкін быў фактычна забіты праз не наданне медычнай дапамогі.
Як былі ў такі спосаб забітыя не менш за яшчэ некалькі чалавек.
Ніхто не ведае як лічыць. Узгадайце забітых публічна ці закрыта людзей з 2020 году, узгадайце памерлых ад ранаў ужо ў статусе выпісанымі з лякарняў.
Свет альбо прыкаваны да вайны ва Украіне, альбо хаваецца ад гэтай вайны. Беларусь застаецца шэрай плямай на мапе, бо палітыкі Еўропы і Паўночнай Амерыкі не могуць прыняць рашэнне што рабіць з калгасным фашызмам на двухстах шасці тысячах квадратных кіламетраў зямлі між Еўразвязам і Расеяй.
Саміт NATO, прымеркаваны да 75-годдзя арганізацыі, адбыўся ў Вашынгтоне 11 ліпеня.
Быў на сустрэчы і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Вынік прадказальны – сучасны калектыўны Захад знішчаць крамлёўскі рэжым не плануе. Свет як бы застыў у чаканні – які ўдзельнік барацьбы ў які бок зрушыць.
А цяпер пазітыўная навіна. Беларуская спявачка Маргарыта Ляўчук, уладальніца шэрагу крымінальных антылукашэнкаўскіх артыкулаў, пабралася шлюбам з украінскім героем вайны Русланам Карнійкам. «Вяселле беларускай апазіцыі і ўкраінскай проціпаветранай абароны» – так назвалі падзею ў адным з украінскіх ютуб-каналаў.
Пазітыўнасць навіны ў тым, што падобная інфармацыя разбурае беларусафобію, якую сеялі ва Украіне прыхільнікі Лукашэнкі, якія нават пасля страшных фактаў забойстваў і масавых катаванняў беларусаў у 2020 годзе працягвалі з украінскага бюджэту спансараваць рэжым у простым сэнсе выразу «крывавая дыктатура».






