З Вэронікай Боксан мы пазнаёміліся ў менскім бары «Ла Манш», што на вуліцы Валадарскага, бліжэй да стадыёнy «Дынама».

Вэроніка зменіць сваё чэшскае прозвішча на беларускае па мужы, і вернецца ў Чэхію віць сямейнае жыццё.
Але тады ў 2015 годзе, Вэроніка была адчайнай прыгодніцай-вандроўніцай, пры гэтым будучы вельмі наіўнай і шчыра-адкрытай да сусвету. Такое не надта тыповае спалучэнне рыс характару.
Вэроніка добрай расейскай мовай распытвала мяне пра Беларусь, пра цывілізацыйныя рэчы. Я па-беларуску распавядаў, што Беларусь і Украіна – гэта як Сцяна з «Гульні Тронаў», што мы ахоўваем цывілізацыю ад белых хадакоў.
Пад трэці кухаль Вэроніка працягнула тэму «белых хадакоў» на ўласным прыкладзе.
Было гэта за год перад ейным прыездам у Беларусь.
Уявіце сабе сітуацыю. Дваццацігадовая чэшская дзяўчына мае хлопца. Хлопец – этнічны расеец з Узбекістану, які даўно жыве ў Празе і мае чэшскае грамадзянства.
І вось пара вырашае злётаць на горны курорт у Грузію. На двары канец лютага 2014 году.
На гарналыжнай базе каля ста чалавек – усе грамадзяне Расеі, апроч Вэронікі і ейнага хлопца.
Мілыя людзі, якія ўсмешліва вітаюцца ў ядальні, вядуць прыязныя размовы.
А тут дзень 3-га сакавіка – анексія Крыму. Што пачалося на базе! Эйфарыя перамогі, аргазм велічы духу і шаленства самаўзвелічэння.
І раптам хтосьці агучыў, што сярод адпачывальнікаў ёсць прадстаўніца краіны NATO.
Дваццацігадовую наіўную Вэроніку, якая першы раз у жыцці была на ўсход ад Еўразвязу, якая верыла ў пачуцці свайго хлопца, яе пачалі цкаваць усёй зграяй.
Дзяўчына шукала падтрымкі свайго хлопца, але ўбачыла, што ён на баку цкавальнікаў. Прымазаўся, далучыўся, «я ж таксама расеец».
Завеса.
Але раптам выпаў снег.
Не проста снег, а снег-снег-снег.
Гарналыжная база апынулася ў пастцы. Расейцы пачалі масава бухаць, і Вэроніка баялася выйсці нават на калідор, не тое што ў ядальню.
Вэроніка пазваніла ў чэшскую амбасаду ў Тбілісі.
Амбасада наняла верталёт ратавальнікаў.
Расейцы дапівалі апошнія бутэлькі.
Калі верталёт завіс над пляцоўкай каля турыстычнага комплексу, усе сто расейцаў кінуліся лезці ўнутр машыны.
Вэроніка ішла па расчышчанай статкам бандэрлогаў дарожцы, высока трымаючы над галавой чэшскі пашпарт.
Вэроніка трапіла ў верталёт. Галава экіпажу паведаміў, што можа ўзяць на борт яшчэ дваццаць жанчын ці дзяцей.
Палезлі мужчыны. Асабліва вызначыўся былы хлопец Вэронікі, якія махаў чэшскім пашпартам. Ні пашпарт, ні хлопец у Тбілісі не паляцелі. «Натаўка» прыхапіла з сабою дваццаць жанчын, якія перад тым тры дні яе цкавалі разам з усімі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё РацыяСевярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






