15 студзеня ў Беластоку адбыліся ўрачыстасці з нагоды 20-й гадавіны Закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове. Падчас гэтай падзеі шэраг прадстаўнікоў меншасцяў былі адзначаны медалямі – ганаровымі адзнакамі Падляшскага ваяводства і памятнымі гравертонамі Падляшскага ваяводства. Сярод адзначаных і прафесар Алег Латышонак.

Гаворачы пра вынікі дыскусіі, якая адбылася падчас гэтай урачыстасці, ён адзначае, што наспеў час прыняць новы закон, каб улічыць тыя выклікі, якія паўсталі апошнім часам перад беларускай меншасцю:
– Цэлы год угодкі ішлі, можна сказаць, гэтага закона. Ён 20 гадоў таму вызначыў правы нацыянальных меншасцяў. На той час гэта быў карысны закон, але ён шмат чаго не прадугледзеў, прытым аказалася, што гэта інакш на практыцы выглядае. Вельмі важныя пункты там толькі дэкларатыўныя. Так што цяпер гаварылі пра тое, што патрэбны новы закон.
Але адзначэнне юбілею прыняцца закона, якое адбылося ў Камернай зале Оперы і Філармоніі Падляшша, сапраўды атрымалася як свята, пагаджаецца Алег Латышонак:
– Частка атрымала медалі, частка гравертоны. Вельмі прыемная была ўрачыстасць, людзі цешыліся, што іх ацанілі ўлады, так што годна адсвяткавалі. Была дыскусія і больш гаварылася, што трэба новы закон, удакладніць усё, бо час прайшоў, 20 гадоў, новыя патрабаванні паўсталі.
Урачыстасць стала нагодай для падсумавання двух дзесяцігоддзяў дзеяння заканадаўства, абмену досведам і дыялогу пра сучаснасць і будучыню меншасцяў у рэгіёне.
Беларускае Радыё Рацыя






