Жыццё пасля 45-ці ў эміграцыі часта становіцца сапраўдным выпрабаваннем: людзі губляюць прафесію, статут, звыклае асяроддзе. І калі няма нейкай вонкавай дапамогі, то ім зусім цяжка. Выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Андрэй Эзерын вырашыў заняцца гэтай праблемай. Спачатку ён напісаў кнігу «Ген мігранта. Пачатак», якую назваў інтрументам, з дапамогай якога пачаў даследаваць праблему. А затым стварыў ініцыятыву, якую назваў «План С», – унікальную праграму падтрымкі для мігрантаў 45+, якая спалучае методыкі стратэгічных камунікацый, крызіснага менеджменту і практыкі работы з унутранымі рэсурсамі. Сёння Андрэй Эзерын Госць Рацыі, з ім паразмаўляў Васіль Кроква.

РР: Я ведаю напэўна чалавек дзесяць, хто прыехаў у эміграцыю і раптам напісаў свае кнігі. Гэта і прадпрымальнікі, і праграмісты, і журналісты. Што іх паклікае напісаць кнігу? Бо не такія спрыяльныя ўмовы пісаць кнігу ў эміграцыі.
Андрэй Эзерын: Што тычыцца мяне, то гэта дакладна не літаратурная амбіцыя. Я прафесійны камунікацыйны кансультант, і справа ў тым, што даволі доўгі час я распрацоўваў розныя сур’ёзныя стратэгіі і для іншых. Але зараз я сам апынуўся ў сітуацыі, калі такая стратэгія неабходна мне. Калі дапамога ўжо неабходна мне, і я маю на ўвазе людзей сталага ўзросту, якія апынуліся ў эміграцыі. Я бачу цэлы шэраг праблем, звязаных з гэтым, бо ўсё гэта я прайшоў сам у эмігацыі за мінулыя чатыры гады, і таму я стаў выбіраць як прафесіянал інструментарый, і я спыніўся на такім фармаце – як кніга. І гэта не толькі кніга, а гэта аўтафікшэн, то бок, жанр, які набывае зараз вірусную папулярнасць. Усе працуюць у гэтым жанры. І сапраўды ён дае магчымасць, з аднаго боку, абапірацца на свой досвед, а з другога боку, быць у пэўнай ступені вольным з матэрыялам. І я хачу праз гэту кнігу давесці да грамадства, што трэба больш увагі да мігрантаў сталага веку. Пакуль гэта гучыць так агулам, але гэта пачатак. Трэба вывучыць гэту сітуацыю, трэба даследаванні, меркаванні, удзел лідараў меркаванняў у гэтай справе. І я лічу, што мая кніга – гэта такі інструмент, з дапамогай якога мы будезм вырашаць гэтую праблему.
РР: Я так разумею, што з дапамогай кнігі Вы хочаце вырашаць і свае нейкія пытанні. Таму што, сапраўды, людзі сталага веку, якія апынуліся ў эміграцыі, у іх сітуацыя вельмі складаная. Як Вы бачыце, якія ёсць выйсці?
Андрэй Эзерын: Я хачу, каб пра выйсці меркавалі спецыялісты. І мая галоўная мэта – гэта прыцягнуць сур’ёзных спецыялістаў да аналіза гэтай сітуацыі. І каб тыя людзі, якія вырашаюць наш лёс, лёс простых людзей, каб яны задумаліся пра гэта. Каб мы сталі таксама адной з тых аўдыторый, пра якія трэба думаць і інтарэсы якіх улічваць.
У Варшаве і Вільні стартуе серыя сустрэч “План С” — гэта платформа, дзе людзі старэйшага ўзросту вучацца бачыць сваю сілу, выбудоўваць новую стратэгію жыцця і станавіцца суб’ектамі, а не аб’ектамі дапамогі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






