BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Трэнінг па дэмакратыі для старых новых беларусаў

У невялікім, але інтэлектуальна моцным, кутку беларускага сегменту фэйсбуку не адзін дзень ідзе дыскусія, якую смела можна назваць бітвай. Стартам сталася тэма хатняга гвалту ў дачыненні да жанчын, але хутка тэма разраслася ўшыркі.

Пад старымі новымі беларусамі я маю на ўвазе людзей, якіх неафітамі беларускай, і шырэй – дэмакратычнай, справы не назавеш. Яны не расплюшчылі раптоўна вочы ў 2020 годзе, іх не здзівіш не толькі нацыянальна-дэмакратычнай тэматыкай, але нават правамі чалавека.

Усе мы беларусы хоць якой катэгорыі, хоць змагары, хоць ябацькі, хоць старыя новыя, хоць неафіты, мы не жылі ва ўмовах сапраўднай дэмакратыі.

Так, былі першыя гады незалежнасці пад бел-чырвона-белым сцягам, адчуванне свабоды пасля імклівага скону таталітарнага СССР, былі нават жывыя трансляцыі паседжанняў дэпутатаў у законна абраным парламенце, які калісьці зваўся Вярхоўным Саветам.

Але гэтая адносная свабода была такой кароткай, а жыццё так хутка ператварылася ў трывалую барацьбу за ідэі ды ідэалы, што сёння мы маем паказальную сітуацыю – у барацьбе за свае погляды людзі гатовыя ігнараваць хоць якую, хоць уяўную законнасць, то бок справядлівасць.

Я наўмысна не называю імёны, каб не ліць алей у агонь. Практычна ўсе фігуранты вялікай фэйсбучнай бітвы – вядомыя ў сваіх сферах журналістыкі, літаратуры, публіцыстыкі, абароне правоў чалавека.

Калі каротка, то сюжэт такі. Маладая кабета публічна вінаваціць свайго нядаўняга мужа ў шматразовым сямейным гвалце. Цэлая купа вядомых людзей прапануе кіраўніцтву на працы названага спадара прыняць меры.

Спадар піша, што ўсё было не зусім так, і што ён таксама ахвяра гвалту – і фізічнага і псіхалагічнага. Але кулямёт ужо застракатаў, кулі лятуць ва ўсіх, хто хоць бы паўнамёкам адназначна не на баку кабеты.

Калі вы кажаце пра прэзумпцыю невінаватасці, прыводзіце прыклады зламаных лёсаў сусветна вядомых людзей, якія апыналіся невінаватымі, вы – падтрымліваеце хатні гвалт.

Падкрэслю – тэма вартая ўвагі, бо ў бітве ўдзельнічаюць публічна вядомыя асобы, якія да таго ж і лідары меркаванняў у сваіх суполках. Геаграфія ўдзельнікаў баталіі – Літва, Польшча, Беларусь і Грузія.

Бок, які не прымае хоць якія аргументы пра нелегітымнасць самасуду, мне нагадвае талібаў ці бальшавікоў, якім важна было сваю ідэю прапіхнуць любымі спосабамі. А такімі прасоўвальшчыкамі звычайна ёсць бандыты ў форме, кшталту лукашэнкаўскага губазіка.

Як па мне, галоўны вынік трэнінгу па дэмакратыі мусіць быць у тым, што ніякая ідэя не можа быць пабудаваная на бяспраўі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя