У 2000-м годзе ў Екацярынбургу пачалі будаваць Храм-на-Крыві на месцы расстрэлу царскай сям’і. Праз чвэрць стагоддзя каля гэтага храма адкрылі выставу, прысвечаную так званай аперацыі “Паток”, калі расейскія вайскоўцы па газавай трубе ўвайшлі ў Суджу Курскай вобласці.

Галоўным экспанатам выставы стала… труба, якая адразу ж ператварылася ў аб’ект пакланення. Яе адрэзак даўжынёй 16 метраў паўтарае дыяметр арыгінала. Крамлёўская прапаганда прадставіла гэтую аперацыю як перамогу. Дзеля прыгожай карцінкі і ўзнагарод расейскія камандзіры адправілі на “мясны” штурм сотні сваіх салдат: частка задыхнулася па дарозе, астатніх знішчылі на выхадзе ўкраінскія сілы, якія кантралявалі Суджу на той момант.
Тыя, хто выжыў, атрымалі цяжкае атручэнне. Прыкладам бессэнсоўнай і бязлітаснай “русской военной доблести” натхніўся адзін уральскі актывіст: ён хацеў стварыць у сваім музеі інсталяцыю ў памяць аб аперацыі. Але яго апярэдзіла РПЦ, так бы мовіць, запазычыўшы ідэю (чытай – украўшы). Цяпер жыхары горада маюць унікальную магчымасць прайсці праз шаснаццацімятровую трубу, каб адчуць дух “подзвігу”. А заадно і “ачысціцца”.
У перспектыве труба павінна стаць месцам сілы, прыцягнуць вар’ятаў-паломнікаў і цікаўных турыстаў. І, самае галоўнае, прынесці даход, які з пенай у роце будуць дзяліць іерархі і мясцовая ўлада. Гэта як сядзець на газавай трубе. Потым з некалькіх соцень салдат, якія загінулі ад самавольства камандзіраў, зробяць “пакутнікаў” і кананізуюць.
На адкрыцці выставы былі дзеці з кадэцкіх класаў і казачых арганізацый. Усё ў лепшых традыцыях хворага фашызаванага грамадства – яго юныя сімвалы. Бракуе толькі бліноў з рыдлёўкі.
Інакш кажучы, калі думаў, што дасягнуў дна, раптам знізу пастукалі.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






