Тры беларускія фем-актывісткі атрымалі жаночую прэмію імя Ганны Кляйн. Гэтай узнагародай журы прэміі імкнецца выказаць салідарнасць з тымі, хто змагаецца за свабоду і з-за гэтага церпіць пераслед. Урачыстая цырымонія прайшла напярэдадні ў Берліне.

Кажа адна з лаўрэатак, феміністка і блогерка, Дар’я Афанасьева:
– Я хачу сказаць дзякуй маёй маме, якая прайшла са мной гэты шлях майго заключэння, і паказала мне, што такое сапраўдная смеласць, і што такое моцная жанчына. Для мяне мая мама – сапраўдная Wonder Woman. Яшчэ я хачу сказаць дзякуй і прысвяціць гэтую прэмію ўсім жанчынам мінулага, якія дазволілі мне стаяць тут у штанах і што мой голас моцны. А таксама дзякуй усім жанчынам сучаснасці, якія кожны дзень вымушаны на працы даказваць, што яны могуць яе выконваць якасна на ўзроўні з мужчынамі.
Другая лаўрэатка, Юлія Міцкевіч, у 2020 годзе заснавала Фемгрупу, якая на сёння з’яўляецца інавацыйнай НДА. Падчас выступу яна адзначыла:
– Я ўпэўнена, што свет сёння як ніколі мае патрэбу ў фемінізме, як у ідэалогіі і стратэгіі дзеянняў. Бачачы як узмацняюцца антыгендэрныя рухі ва ўсёй Еўропе, як дыктатары прыходзяць да ўлады не толькі на сфальсіфікаваных выбарах, але і дэмакратычным шляхам. І першае, што яны робяць, гэта пачынаюць змагацца з гендэрнымі пытаннямі. Адмяняюць унутраную палітыку роўнасці і інклюзіўнасці, або знешнюю фемінісцкую палітыку.
Трэцяя лаўрэатка – Ірына Альхоўка, заснавальніца грамадскіх арганізацый «Ля Страда Беларусь» і «Гендэрныя перспектывы», якія на сёння забароненыя ў Беларусі.
Жаночая прэмія імя Ганны Кляйн заснаваная Фондам Генрыха Бёля, памер прэміі складае 10 тысяч еўра. Падчас цырымоніі ўручэння гучала жывое музычнае суправаджэнне ў выкананні гурта KRIWI.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






