5 лютага 2022 года памёр выбітны беларус, пратэстанцкі пастар, рэлігійны і грамадскі дзеяч, дысідэнт Эрнст Сабіла.

Беларусы мала ведаюць пра гэтага мужнага і адданага Беларусі і беларускасці чалавека. Пра тое, якім ён быў, пра што думаў, што рабіў, мы пагаворым з нашым госцем, які добра ведаў Сабілу, палітыкам Віталём Рымашэўскім.

РР: Эрнст Сабіла пражыў амаль 90 гадоў. Што вы можаце сказаць пра яго як пра чалавека?
Віталь Рымашэўскі: Постаць Эрнста Сабілы для мяне асабіста была адным з нешматлікіх прыкладаў чалавека-волата, каторы быў адным з камянёў падмурку Беларусі. Для мяне асабіста, і для многіх іншых людзей. Пра яго можна шмат што распавядаць, але ёсць такія словы Хрыста, якія ён сказаў пра апостала Пятра, што ты, Пётра, кіфа-камень, на гэтым камяні я збудую Царкву. Дык вось характар, асоба і тое жыццё, якое пражыў Эрнст Сабіла, можна параўнаць вось з такім трывалым краевугольным камянём, адзін з каторых пакладзены ў падмурак нашай беларускасці, як духоўна нашай беларускай нацыі, так і ментальна. Таму што Эрнст Сабіла шмат людзей навярнуў да беларушчыны, ён быў неад’емнай часткай беларушчыны і пранёс яе праз усё сваё жыццё, праз лагеры, праз цяжкія часы перабудовы, праз лукашэншчыну, якая апанавала нашу краіну пасля развалу Савецкага саюзу. І пранёс яе да канца, я перакананы, што ён запаліў і ўмацаваў многія сэрцы на гэтым шляху.
РР: Адкуль у Сабілы такая беларускасць, што паўздзейнічала на гэтага чалавека яшчэ з самага маленства можна сказаць?
Віталь Рымашэўскі: Па-першае, характар Сабілы ад прыроды моцны, гэта чалавек-волат. Ён сапраўды быў моцны, шчыры ў сваіх перакананнях, ён прыйшоў да веры ў падлеткавым узросце, і ў сувязі з гэтым у яго былі першыя канфлікты з савецкай уладай. Ён як шчыры чалавек, чалавек, каторы быў звязаны з партызанамі, хаця яму было зусім мала год у Другую сусветную вайну, думаў шчыра, што вось тыя пастулаты, якія дэкларавала савецкая ўлада, на самой справе такія і ёсць. А калі ён прыйшоў да Бога, пачаў чытаць Біблію і прапаведаваць, у яго пачаліся праблемы ў школе, яго за гэта хацелі арыштаваць і нават пакараць вельмі жорстка. І яго гэта абурыла да глыбіні сэрца. Я думаю, што гэта сталася той рэччу, якая разбурыла яго веру ў савецкую ўладу.
Зрэшты ён сваё першае турэмнае зняволенне атрымаў за веру ў Ісуса Хрыста, за веру ў Бога. Савецкая ўлада знішчала ўсё, што звязана з верай у Хрыста, у прынцыпе ўлада Беларусі зараз ідзе па гэтым шляху, нават заходзіць яшчэ далей.
А ў савецкіх канцлагерах ён пазнаёміўся з такімі выбітнымі беларусамі, як Цімохам Вострыкавым. Гэта беларус, які змагаўся з акупацыйнай савецкай уладай, па-расейску дыверсант, закінуты амерыканцамі ўжо пасля Другой сусветнай вайны. Быў арыштаваны НКУС, КДБ і адбываў свой тэрмін таксама ў лагерах, дзе з ім ды іншымі людзьмі спаткаўся Сабіла.
Ён быў вельмі ўражаны гэтымі сустрэчамі. Як ён мне распавядаў, яны адкрылі яму проста вочы на Беларусь. Таму што ён да гэтага казаў, што шкада, што так шмат паэтаў у Расеі, а ў Беларусі хіба што Янка Купала і Якуб Колас. І толькі ў лагерах ён даведаўся колькі беларускіх паэтаў было закатавана, колькі літаратараў было знішчана, якія рэпрэсіі зазнала Беларусь. Вось пра сапраўдную беларускую гісторыю ён таксама даведаўся ад гэтых людзей, каторыя знаходзіліся ў лагерах.
Паводле госця Беларускага Радыё Рацыя, палітыка Віталя Рымашэўскага, дэмакратычная Беларусь ацэніць Эрнста Сабілу і аддасць належнае яго памяці.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя