Сённяшні госць Беларускага радыё Рацыя – сузаснавальнік арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Сяргей Усцінаў. З ім пагаварылі пра катаванні ў месцах зняволення, і аб тым, чаму пенітэнцыярная сістэма ў Беларусі ўсё больш нагадвае гулагаўскую. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Ці сапраўды беларускі рэжым карыстае савецкія практыкі катавання? З чым вы сутыкаліся? Бо я чула ад палітвязняў, што нават мэбля ў зняволенні зробленая так, што ажно катуе, бо вельмі нязручная.
– Пачнем з асновы. Асоба, што займае пасаду прэзідэнта, заўсёды і ўсюды ў сваім жыцці і прамовах захаплялася СССР. Ён захапляўся СССР і, адпаведна, пасля 2020 года з краіны робіць такую гулагаўскую сістэму, дзе за іншадумства, прычым за ўсякае іншадумства, нават за нейкі лайк ці рэпост, саджаюць людзей у турму. Але зноў жа, проста пасадзіць ён не можа, таму што пад яго эгідай стварыліся такія карныя ўстановы, як ГУБАЗіК. Вось адна з асноўных. Яны не проста затрымліваюць. Яны маюць асалоду ад таго, што катуюць людзей. То бок, тыя чэкісты, якія былі ў савецкі час, маньякі, якія мелі асалоду ад катаванняў людзей, цяпер, вось гэтыя людзі ў ГУБАЗіК працуюць, і яны ад гэтага маюць асалоду. Яны маюць асалоду ад таго, што, A – катуюць людзей; B – беспакарана гэта робяць; і С – ім даюць магчымасць гэта рабіць. Таму гэта відавочная рэч.
РР: Ініцыятыва катавання пры затрыманні і следчых дзеяннях, яна ідзе ад звычайных працаўнікоў ці ад кіраўніцтва?
– Гэта ідзе найперш ад кіраўніцтва. Бо неаднаразова гаварылася вышэйшымі службовымі асобамі пра тое, што A – не да законаў; B – трэба рабіць усё для таго, каб навесці парадак. Парадак яны разумеюць па-свойму: біць па галовах усіх нязгодных, каб ніхто не вылазіў і не выказваўся. І пад эгідай кіраўніцтва ніжэйшыя чыноўнікі, супрацоўнікі радавога роўню ўжо зарабляюць зорачкі на тым, што катуюць для таго, каб A – атрымаць згоду; B – разблакаваць тэлефон, ну і гэтак далей.
РР: Я так разумею, што вы сутыкаліся, калі збіралі інфармацыю, і з такімі не матываванымі катаваннямі.
– Вядома, такое таксама часам адбываецца. Збольшага, гэта пакаранне за нейкія дзеянні. Пакаранне за тое, што чалавек выходзіў, і маю на ўвазе пакаранне ў сэнсе катаванняў, катаванне за тое, што чалавек кудысьці выходзіў на пратэст, за тое, што чалавек паставіў лайк, за тое, што ён проста мае сваё асабістае жыццё, іншае ад такога, якое маюць яны.
РР: Іншае жыццё – паводле прафесійнага прынцыпу затрыманне і катаванне?
– Прыналежнасць да нейкай сексуальнай арыентацыі, калі ІТ-спецыяліст – атрымліваеш вялікую зарплату ў валюце.
РР: З усяго сілавога апарату хто найбольш жорсткі і пра каго самыя жахлівыя водгукі?
– Гэта ГУБАЗіК, супрацоўнікі ГУБАЗіКу, якія непасрэдна затрымліваюць чалавека, катуюць і даводзяць яго да пэўных далейшых следчых дзеянняў. Таксама гэтым адрозніваюцца супрацоўнікі адміністрацыі калоній, якія не аказваюць медыцынскую дапамогу, якія наўмысна, скажам так, ствараюць нечалавечыя ўмовы для палітычных зняволеных. Ну, у прынцыпе, сістэма карная. Я яе называю карнай, таму што яны фактычна караюць людзей, якія садзяцца.
Сёння мы маем палітычных зняволеных, мноства палітычных зняволеных у калоніях. Учора мы мелі шмат арыштаваных паводле артыкула 3.2.8, дзе таксама практыка карная была проці іх ужытая. Таму вось гэтая сістэма пабудавана на тым, каб чалавека фактычна не перавыхоўваць, а чалавека знішчыць як асобу, для таго, каб імі было лягчэй кіраваць і ў калоніі, і пасля, то бок проста за два, за тры гады з чалавека проста робяць слухмянага рэжыму чалавека, які сядзіць.
Эксперт нагадвае – тое, што цяпер вядома праваабаронцам – толькі вяршыня айсбергу, а на практыцы усё можа быць значна горш.
Беларускае Радыё Рацыя