BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Будзе мяжа паміж сухой аналітыкай і жывой публіцыстыкай”

На Беларускім Радыё Рацыя з аўторка, 3-га сакавіка, з’явіцца новая рубрыка “Паліт-хіт з Віталём Цыганковым” (на сайце – “Палітыка з Віталём Цыганковым”). У ёй аўтар будзе каментаваць важныя палітычныя і грамадскія падзеі.

Падрабязней пра гэта Госць Рацыі – журналіст і палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў – распавёў нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай.

Віталь Цыганкоў. Фота з асабістага архіва.
Віталь Цыганкоў. Фота з асабістага архіва.

РР: Што будзе ўяўляць сабой рубрыка?

Віталь Цыганкоў: Рубрыка “Паліт-хіт з Віталём Цыганковым” або  “Палітыка з Віталём Цыганковым” на сайце будзе ўяўляць штодзённы актуальны каментар па палітычных і грамадскіх падзеях. Я думаю, што гэта патрэбна людзям, якія акрамя таго, што могуць слухаць навіны і ведаць іх, хацелі б пачуць нейкі, умоўна скажам, каментар-аналіз  таго, што адбываецца ад чалавека, хто, паводле сваёй працы і сферы дзейнасці, больш пагружаны ў гэтыя палітычныя справы і можа падзяліцца сваімі думкамі, разважаннямі і нават хутчэй аналізам. Я ўсё-такі думаю, што тут будзе такая, як я ўяўляю, мяжа паміж сухой аналітыкай і больш жывой публіцыстыкай.

Мне здаецца, за столькі гадоў, колькі я даю ці пішу палітычныя каментары, такая больш жывая публіцыстыка прыцягвае ўвагу чытачоў, чым, скажам, сухая аналітыка 2х2=4, а 3+3=6. Так што мае каментары – будзе прыблізна такая помесь, дзе я буду аддзяляць і буду гаварыць, што гэта чыста аналітыка, я канстатую нейкія факты і тэндэнцыі, а вось тут, можа, я трохі паддаю свайго ўласнага меркавання зноў-такі, абапіраючыся на факты і тэндэнцыі.

Мне ўсё ж такі здаецца, што я ўмею ў жыцці са свайго вопыту палітычнага аналітыка, каментатара аддзяляць нейкае сваё стаўленне ад аналізу фактаў, які ні ў якім разе нельга, скажам, зменшыць. Менавіта факты і рэальныя тэндэнцыі.

РР: Плануецца аналізаваць нейкія канкрэтныя сітуацыі альбо і глабальныя працэсы ў тым ліку. Глабальныя працэсы маюцца на ўвазе кшталту: калі мы вернемся ў Беларусь?

Віталь Цыганкоў: Не, думаю, калі гэта жанр будзе такі, што кожны дзень нейкі каментар, то, я думаю, і ёсць такая дамоўленасць з кіраўніцтвам Радыё Рацыя, што да нейкіх глыбокіх філасофскіх тэмаў, магчыма, не трэба ў гэтым жанры звяртацца. Тым больш глыбокія філасофскія тэмы трэба так прадумаць, што часам як нейкі каментар ці свой допіс на “Фэйсбуку” я пішу некалькі дзён, каб сфармуляваць адну думку і даказаць яе. Я думаю, што ў такім фармаце паўсядзённага палітычнага каментара ніхто не пацягне, я не пацягну, каб кожны раз гэта была глыбокая філасофская ці каштоўнасная экзістэнцыяльная думка.

Гэта будзе хутчэй паўсядзённы каментар да актуальных палітычных падзей, якія адбыліся літаральна ўчора альбо сёння, і якія трэба, можа быць, пракаментаваць ці, калі выказацца больш груба, “разжаваць” людзям, якія не маюць часу і жадання ўвесь час унікаць ва ўсе акалічнасці. Умоўна скажам, калі адбыўся візіт Лукашэнкі, то можа быць чалавек, які сочыць за палітыкай 30 гадоў і бачыў тысячы такіх візітаў, мае магчымасць сказаць, абапіраючы на свой палітычны і журналісцкі вопыт сказаць штосьці, што не бачна звычайнаму слухачу.

Цалкам гутарка:

Рубрыка “Паліт-хіт з Віталём Цыганковым” будзе выходзіць кожны дзень у 17:45 па польскім часе, паўтор – у 07:45.

Нагадаем, Віталь Цыганкоў – беларускі журналіст, вядомы супрацай з тэлеканалам “Белсат” і радыё «Свабода»; сузаснавальнік інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН».

Беларускае Радыё Рацыя