Фонд Justice for journalists і Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавалі сумесны даклад «Напады на работнікаў СМІ ў Беларусі ў 2023–2024 гадах».

Даследчыкі прааналізавалі 759 атак/пагроз у адносінах да прафесійных і грамадзянскіх медыяў і рэдакцый традыцыйных і анлайн-СМІ. Практычна ўсе інцыдэнты супраць работнікаў медыяў ініцыявалі ўлады. 96% усіх зафіксаваных інцыдэнтаў адбываліся праз судовы і/ці эканамічны ціск. У 2017–2020 гадах колькасць такіх атак складала 83–85%, а ў 2021–2022 гадах гэты паказчык вырас да 94%.
Даследнікі спасылаюцца на лічбы БАЖ, паводле якіх цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзіцца 41 прадстаўнік медыя (на канец 2024 году іх было 45 чалавек); з 2020 году каля 400 журналістаў пакінулі Беларусь, астатнія, якія засталіся ў краіне, працуюць у падполлі або пакінулі прафесію.
Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у штогадовым дакладзе за 2024 год паставіла Беларусь на чацвёртае месца ў свеце паводле колькасці зняволеных журналістаў: яна заняла 167 месца сярод 180 краін. Беларусь лічыцца самай небяспечнай краінай для журналістаў у Еўропе.