У Беларусь было дэпартавана больш за 3,5 тысячы украінскіх дзяцей з больш як 20-ці населеных пунктаў, якія размяшчаюцца на акупаваных тэрыторыях Украіны. Такія лічбы назваў “Позірку” кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Раней называлася лічба 2,5 тысячы дзяцей.
19 верасня Аляксандр Лукашэнка прыняў кіраўніка так званай “Данецкай народнай рэспублікі” Дзяніса Пушыліна. Падчас гэтай сустрэчы ён прызнаў, што ўкраінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь.
Аднак Лукашэнка заявіў пра высакародныя мэты, з якімі вывозяць дзяцей, і паскардзіўся, што яму за гэта пагражаюць судом. Каментуючы гэтыя выказванні Лукашэнкі, Латушка заявіў: “Лукашэнка не ўпершыню публічна прызнаецца ў факце здзяйснення ваеннага злачынства — дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый на тэрыторыю Беларусі”.
Крыніца: t.me/pozirkonline