У ліпені адбылося прынамсі 96 выпадкаў парушэння паветранай прасторы Беларусі расейскімі беспілотнікамі, якія заляталі з боку Украіны праз Гомельскую і Берасцейскую вобласці.

Як падлічыла выданне «Флагшток», гэта рэкордная іх колькасць за месяц, пачынаючы з студзеня 2025 году. Рэкорднай таксама стала колькасць дронаў, якія заляцелі ў Беларусь у адну ноч — на 31 ліпеня, калі Расея атакавала Украіну больш чым 300 дронамі і 8 ракетамі. У ноч на 31 ліпеня найбольш пацярпела ўкраінская сталіца — у выніку траплення ў жылы дом загінуў 31 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей, яшчэ 159 атрымалі раненні, у тым ліку 16 дзяцей. 1 жніўня ў Кіеве абвясцілі жалобу.
Паводле ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, з вечара 30 ліпеня зафіксавалі сама меней 26 беспілотнікаў, якія заляцелі ў Беларусь.






