Жанчына працаўніца і жанчына-маці. Дзве галоўныя функцыі, якія на жанчыну ўскладае дзяржава, дзе кіруе Аляксандра Лукашэнка, заўважаюць прадстаўніцы феміністычнай супольнасці. 2026 год у Беларусі абвешчаны, як год жанчыны. Чыноўнікі ладзяць шэраг мерапрыемстваў.

Чаму Лукашэнка і чыноўнікі зараз вырашылі выкарыстаць тэму жанчыны – тлумачыць намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч.
– Яшчэ больш жадання ў Лукашэнкі зноў указаць жанчынам на іх месца, на тое, што выключна рэжым будзе ўстанаўліваць для нас, для беларускіх жанчын, тое, як нам патрэбна правільна жыць, што для нас лепш. То бок такое класічнае: пра нас без нас. І ён выкарыстоўвае другіх жанчын, то бок тых, якія на яго працуюць, служаць яму дзеля таго, каб у далейшым развіваць гэтую тэму.
У Беларусі далей станам на 8 студзеня 168 жанчын-палітвязняў, а агулам за кратамі – 1131 палітвязень. Іншыя праблемы таксама не вырашаюцца, а толькі паглыбляюцца. Працягвае прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, якая займаецца гендарнымі пытаннямі, Юлія Міцкевіч:
– Рэжым робіць усё магчымае – рэпрэсіі, жанчыны-палітзняволеныя, парушаюцца рэпрадуктыўныя правы жанчын, не прыняты закон супраць хатняга гвалту, ёсць разрыў у заробку, і ён расце. Ёсць шмат гендарных пытанняў, якія тычацца жаночага парадку дня. Але не толькі, бо мы ведаем, што патрыярхат змяншае правы і магчымасці для розных сацыяльна-ўразлівых груп.
1 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №1, якім 2026-ы абвясціў – годам беларускай жанчыны. У ім прапісаныя афіцыйныя прапагандысцкія мэты, сярод якіх «фармаванне нацыянальнага вобраза жанчыны-працаўніцы і павышэнне ролі жанчын у развіцці грамадства».
Беларускае Радыё Рацыя






