Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у выніку масавых затрыманняў 23-24 студзеня, падчас якіх трапілі пад пераслед больш за 200 чалавек па ўсёй краіне, некалькі чалавек асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу «выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам».

Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся. Як мяркуе праваабаронца Павел Сапелка, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе аб прыцягненні да адказнасці грамадзян, якія скарысталіся дапамогай у рамках ініцыятывы падтрымкі сем’яў палітвязняў. «Гэта адвольны пераслед людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правілаў», – адзначае праваабаронца.






