BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі пачалі завочна судзіць прадстаўнікоў арганізацыі былых сілавікоў

У Беларусі пачалі завочна судзіць прадстаўнікоў арганізацыі былых сілавікоў і былых яе ўдзельнікаў. Справу BYPOL, якую ў РБ прызналі “тэрарыстычнай”, “у парадку спецыяльнай вытворчасці” разглядае Менскі гарадскі суд.

Аляксандра Азарава, Уладзіміра Жыгара, Мацвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча і Алега Талерчыка абвінавачваюць у “дзеяннях з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”, у “прапагандысцкай працы сярод пратэснай часткі насельніцтва”, ціску на чыноўнікаў і сілавікоў праз абнародаванне ў інтэрнэце асабістых звестак, у стварэнні плана “Перамога” ды іншым. Напрыклад, Азарава яшчэ абвінавачваюць у арганізацыі ў 2022 годзе “акту тэрарызму” на чыгунцы.

БелТА падкрэслівае, што “абвінавачаныя, нягледзячы на належнае паведамленне аб месцы і часе судовага пасяджэння, не з’явіліся”, а “іх інтарэсы прадстаўляюць адвакаты”. Усе яны ў апошнія гады жывуць за мяжой.

Большасць абвінавачаных з мінулага года не ўваходзяць у BYPOL. Пасля расколу яны стварылі новую арганізацыю — BELPOL.

Беларускае Радыё Рацыя