BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі з аптэк знік літый — ключавы прэпарат для лячэння біпалярнага разладу

У пачатку снежня з беларускіх аптэк знік літый — крытычна важны прэпарат для лячэння біпалярнага разладу. Пра гэта паведамляе ініцыятыва «Белыя халаты». Пры гэтым прэпарат застаецца афіцыйна зарэгістраваным, ліцэнзія на яго абарачэнне дзейнічае, а лекары працягваюць яго прызначаць.

Літый з’яўляецца прэпаратам першай лініі ў беларускім клінічным пратаколе лячэння біпалярнага разладу і ўваходзіць у адпаведныя еўрапейскія рэкамендацыі на ўсіх этапах тэрапіі.

У Беларусі літый прадаецца ў выглядзе таблетак карбанату пад гандлёвай назвай «Седаліт». Іншых форм або альтэрнатыўных пастаўшчыкоў фактычна няма. Менавіта «Седаліт» цяпер адсутнічае ў продажы. Да 2022 года ў краіне таксама выпускаўся айчынны прэпарат «Літацэл», аднак яго рэгістрацыя не была абноўленая, і вытворчасць спынілася.

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, біпалярным разладам пакутуе каля 0,5% насельніцтва. Для Беларусі гэта прыкладна 45 тысяч чалавек, адзначыў у каментары «Белым халатам» псіхіятр Уладзімір Пікірэня.

У сувязі з дэфіцытам пацыенты шукаюць нефармальныя шляхі набыцця прэпарата. Літый набываюць па беларускіх рэцэптах у Расеі, Польшчы і Літве, а таксама з дапамогай сваякоў і знаёмых. У Расеі «Седаліт» застаецца ў продажы і стаў адным з асноўных неафіцыйных каналаў паставак.

Спецыялісты не выключаюць, што пэўныя запасы прэпарата яшчэ могуць заставацца ў стацыянарах, аднак амбулаторныя пацыенты не маюць доступу да яго. Афіцыйных каментароў ад Міністэрства аховы здароўя або «Белфармацыі» пакуль не паступала.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, праблемы з пастаўкамі ўзніклі праз неналежнае афармленне дакументаў, у выніку чаго чарговая партыя прэпарата расейскай вытворчасці не трапіла ў аптэкі. Тэрміны аднаўлення паставак застаюцца невядомымі.