У Беларусі захоўваецца крытычна высокі ровень рэпрэсій у дачыненні да палітычных сапернікаў рэжыму ды іншадумцаў, а пагроза пераследу актуальная для ўсіх, хто браў удзел у пратэстах ці крытычна выказваўся адносна палітычнай сітуацыі ў краіне.

Пра гэта піша Праваабарончы цэнтр “Вясна” у сваім штомесячным аглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
З лета 2020 года праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі 3 390 чалавек. На канец ліпеня бягучага года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіўся 1 391 палітзняволены, а за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 63 чалавекі. Колькасць судовых працэсаў паводле палітычна матываваных крымінальных спраў, як пішуць праваабаронцы, па-ранейшаму застаецца высокай. Некалькі палітвязняў застаюцца ўжо працяглы час у рэжыме інкамунікада. Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі больш за год пазбаўлены кантактаў з навакольным светам.






