BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі закрываецца яшчэ адна прыватная ВНУ

У Беларусі закрываецца яшчэ адна вышэйшая навучальная ўстанова – Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. Абвестка пра гэта з’явілася на сайце інстытута. У сувязі з гэтым рашэннем набор студэнтаў у ВНУ на 2024 год ажыццяўляцца не будзе. «Для прадаўжэння навучання на выбранай спецыяльнасці ўсе навучэнцы па праграмах вышэйшай адукацыі будуць пераведзеныя з іхнай згоды або згоды законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў у іншыя ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія рэалізуюць адпаведныя адукацыйныя праграмы», – гаворыцца ў паведамленні. Цяпер кіраўніцтва ВНУ працуе над планам мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне пераводу навучэнцаў.

Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці быў заснаваны ў 1992 годзе. За больш як трыццаць гадоў працы ІПД падрыхтаваў амаль 8,5 тысячы спецыялістаў.

У сярэдзіне чэрвеня стала вядома пра закрыццё адной з найстарэйшых прыватных навучальных устаноў Беларусі – «БІП – Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій».