BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі затрымалі экс-партнёраў Мазепіна па “Уралкаліі”

У Беларусі затрымалі былых партнёраў Дзмітрыя Мазепіна па кампаніі “Уралкалій” Яўгена Шавеля і Дзмітрыя Лобяка, піша “Наша Ніва”. Амаль адначасова з імі затрымалі топ-менеджараў “Юрас-Ойл” — беларускай кампаніі, дылера прамысловай хіміі і ўгнаенняў.

Злева направа: Яўген Шавель і Зміцер Лобяк. Фота: базы Белпола

Лобяк і Шавель з’яўляюцца яе суакцыянерамі. Паводле папярэдняй інфармацыі НН, затрыманні звязаныя акурат з дзейнасцю гэтай фірмы і выплатай падаткаў. Шавель і Лобяк маюць беларускія карані, але асноўныя грошы зарабілі ў Расеі. Яны з часоў менскай сувораўскай вучэльні сябруюць з Дзмітрыем Мазепіным і былі яго бізнэс-партнёрамі ва “Уралкаліі”. На сёння “Уралкаліем” на 100% валодае кампанія “Уралхім”.

Дарэчы, Раман Пратасевіч у інтэрв’ю АНТ пасля свайго арышту казаў, быццам тэлеграм-канал “NEXTA” спансіраваў расейскі мільярдэр, звязаны з Уралам і здабычай карысных выкапняў. Пад гэтае апісанне падпадае Дзмітрый Мазепін. Сам Мазепін пасля заявіў, што ён і яго кампаніі ніколі не фінансавалі гэты тэлеграм-канал. Тым не менш з’яўляцца ў Беларусі Мазепін не рызыкуе. Шавель і Лобяк, як сцвярджае НН, маюць і беларускія, і расійскія пашпарты адначасова.

Беларускае Радыё Рацыя