BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку пройдзе акцыя беларускай дыяспары

фота аналагічнай акцыі 2024 года

9 жніўня а 16:00 беларуская дыяспара Беластоку запрашае на акцыю з нагоды пятай гадавіны падзей 2020 года — Дня Годнасці.

Акцыя пройдзе ў Беластоку на плошчы Касцюшкі каля помніка Пілсудскаму. Арганізатары акцыі пішуць:

Пяць гадоў таму мільёны беларусаў выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў са справядлівымі патрабаваннямі:
дэмакратычных выбараў,
свабоды ўсім палітзняволеным,
спынення гвалту і пераследу беларусаў

Мы выйшлі, каб заявіць: мы маем права на праўду, свабоду і годнасць. Гэтыя падзеі сталі паваротным пунктам у нашай гісторыі — асабістай і агульнанацыянальнай.

Не, нашыя патрабаванні не былі пачутыя. Наадварот. Рэжым распачаў рэпрэсіі. Салідарнасць, прага да свабоды і справядлівасці былі абвешчаныя злачынствамі, а лепшыя з нас — экстрэмістамі і тэрарыстамі. Рэжым запляміў сябе гвалтам, забойствамі і нават удзелам у вайне супраць суседзяў.

Карнікі і каты цягнуць краіну ў мінулае. І ўсё ж — так не будзе вечна. Ва ўсе часы Беларусь паўставала, як Фенікс з попелу, прабівалася на волю, як зернейкі ў санэце Багдановіча. Дзякуючы Людзям. Светлым, добрым, сумленным, шчырым.
Верым, так будзе і зараз.

Сёння нашыя патрабаванні застаюцца нязменнымі. Мы памятаем кожнага, хто заплаціў высокую цану. Мы памятаем свой выбар. І працягваем верыць у тое, што будучыня Беларусі залежыць ад нашай памяці, еднасці і прынцыповасці.

Мы заклікаем кожнага беларуса захоўваць сваю культуру, мову і каранi, не губляць сябе, дзе б вы ні былі.
І найважнейшае — не пераставаць думаць пра будучыню Беларусі, якую мы хочам бачыць вольнай, дэмакратычнай і беларускай.

Чакаем вас на акцыі!!
Жыве Беларусь! І будзе жыць вечна!