
У судзе Маскоўскага раёна Берасця 11 верасня распачаўся масавы суд паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Па справе праходзяць адразу сем чалавек: Сяргей Філімонаў, Ігар Варановіч, Аляксандр Штык, Уладзіслаў Піскуновіч, Віталь Гіра, Яўген Мельнічук, Дзмітрый Поснікаў. Ім пагражае да васьмі гадоў калоніі. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Раней па гэтым артыкуле ў Берасці асудзілі ажно 70 чалавек, цяпер берасцейцаў судзяць паводле арт. 342 КК.
Пра затрыманне некаторых з іх справаздачыліся праўладныя тэлеграм-каналы. Так, 25 сакавіка апублікавалі відэа затрымання Ігара Варановіча — у кватэру да яго прыйшлі як мінімум пяцёра сілавікоў са зброяй, у бронекамізэльках і шлемах. Мужчыну ў адной бялізне павалілі на падлогу.
На “пакаяльным відэа” ад 4 красавіка Яўген Мельнічук “прызнаўся ў тым, што падчас акцыі “махаў рукой” натоўпу, кажучы “атачайце АМАП”, і кідаў камяні.
Працэс вядзе сумнавядомы суддзя Яўген Брэган, на рахунку якога лічыцца мінімум 24 асуджаных паводле палітычных матываў.
Крыніца: t.me/viasna96






