BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Брусэлі прайшла акцыя салідарнасці з Алесем Бяляцкім

У Бруселі, ля амбасады Беларусі ў Бельгіі прайшла акцыя салідарнасці з Нобелеўскім лаўрэатам міру Алесем Бяляцкім, які сустракае сёння за кратамі свой 62-і дзень нараджэння.

Удзельнікі акцыі перадалі ў амбасаду 82 000 подпісаў з 82 краін свету, якія былі сабраныя пад петыцыяй аб неадкладным вызваленні Бяляцкага і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Гаворыць былы палітвязень і праваабаронца – Леанід Судаленка.

— Трэба ратаваць Алеся Бяляцкага, таму што тэрмін, які яму далі — сем гадоў, цяпер яму 62 гады. Яго тэрмін заканчваецца ў 2031 годзе, і яго здароўе не вытрымае гэтага тэрміну. Мы сёння гаворым пра тое, што ў краіне, што ў цэнтры Еўропы, у беларускай турме, у засценках, павольна забіраюць здароўе ў Нобелеўскага лаўрэата прэміі міру.

У сваю чаргу, за міжнародную падтрымку і салідарнасць з Алесем Бяляцкім і з усімі палітвязнямі ў Беларусі падзякавала адна з арганізатарак акцыі, актывістка беларускай дыяспары ў Бельгіі – Марына Леваценка.

— Мы вельмі ўсцешаныя і ўзрушаныя тым, што нам дапамагаюць, што міжнародныя прававыя арганізацыі памятаюць пра ягоны дзень нараджэння, памятаюць, што ён за кратамі, і змагаюцца разам з намі. І гэта надае нам імпэту, і гэта надае нам веру ў тое, што, мы сапраўды не адны ў гэтым свеце, што за намі стаяць дэмакратычныя сілы, якія абавязкова дапамогуць нам перамагчы. І ўсё будзе добра. Жыве Беларусь!

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Сярод іншага на мітынгу выступілі дэпутаты Еўрапарламента Мары-Агнес Штрак-Цымерман, Тыйс Ройтэн і Морыц Кёрнер. Пасля яе завяршэння у Місіі дэмакратычнай Беларусі у Брусэлі прайшоў круглы стол для журналістаў і аналітыкаў.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя