BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Чарнігаве ўшанавалі Кастуся Каліноўскага і загаварылі пра помнік паўстанцам

8-га ліпеня ў Чарнігаве адкрылі і асвяцілі інфармацыйную дошку, прысвечаную Кастусю Каліноўскаму — беларускаму публіцысту і кіраўніку нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расейскага імперыялізму.

Удзел у падзеі ўзялі прадстаўнікі беларускай дыяспары, духавенства і мясцовых уладаў. Чын асвячэння здзейсніў архіепіскап Наваградскі і Паўночнаамерыканскі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святаслаў (Логін):

– З айцом Яўгенам Ордам асвяцілі шыльду ў гонар Кастуся Каліноўскага. На перапахаванні Каліноўскага быў у 2019 годзе ў Вільні. Гэта чалавек, які змагаўся за Бацькаўшчыну. Як у Бібліі сказана, найбольшае, што чалавек можа зрабіць, гэта аддаць жыццё за блізкіх сваіх.

Падчас урачыстасцяў капелан айцец Яўген Орда агучыў ініцыятыву ўсталяваць у Чарнігаве помнік паўстанцам 1863–1864 гадоў:

-Я сам чарнігавец. У нас у Чарнігаве было шмат людзей, якія ваявалі з Каліноўскім за свабоду. У нас ёсць касцёл, у ім архіў, дзе захаваныя прозвішчы забітых герояў-каліноўцаў. Таму Каліноўскі цесна звязаны з Чарнігавам і нашымі продкамі, гэта сувязь Украіны і Беларусі.

Такія мемарыяльныя месцы памяці Каліноўскага і паўстання 1863 года з’яўляюцца ў Чарнігаве, дзякуючы супольным намаганням беларускай дыяспары, духоўнай супольнасці і мясцовых украінскіх партнёраў. У горадзе адна з вуліц ужо носіць імя Каліноўскага, што падкрэслівае павагу жыхароў да постаці змагара за свабоду.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота homeldays.org