Кераміка беларускі, былой палітзняволенай і Госці Рацыі Наталлі Карнеевай карыстаецца вялікім попытам не толькі ў тутэйшых беларусаў, але і ў замежнікаў. Беларуска заўжды ўдзельнічае ў разнастайных кірмашах, майстар-класах, праводзіць заняткі ў Чырвоным крыжы для ўцекачоў, а таксама стварыла сваю майстэрню ў Вільні.

Больш падрабязна пра творчасць з Наталляй Карнеевай паразмаўляла наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна, якая сустрэлася з ёй на Кірмашы народаў у Вільні.
РР: Наталля, у кірмашы народаў у Вільні беларусы таксама прынялі ўдзел і вы ў тым ліку, вашы вырабы з гліны карысталіся попытам. Што найбольш?
Наталля Карнеева: Папулярнасцю карыстаюцца мае вырабы, якія я актыўна рэкламую ў сацыяльных сетках. І гэта мая апошняя серыя керамікі – я раблю талеркі з рознымі прымаўкамі, прыказкамі і з такімі вось словамі бабулі.
РР: Я бачыла гэтую новую серыю вашых вырабаў. Адкуль узнікла ідэя, чаму з прыказкамі? Выглядае сапраўды файна посуд і з нашымі беларускімі ўзорамі, і з прыказкамі, і кубкі з выемкай для пальчыкаў таксама. Гэта вы самі ўсё прыдумляеце?
Наталля Карнеева: Выемку для пальчыкаў прыдумала не я, а японцы. Гэта да нас ужо даўно прыйшло ад іх. Я проста ўсё гэта неяк зміксавала з нашымі традыцыйнымі матывамі, каб гэта было людзям цікава. Таму што ў эміграцыі ты сумуеш па дому, і ўсё, што звязана менавіта з Радзімай, людзей кранае. Менавіта таму і папулярная гэтая серыя.
Я нават ролікі рэкламныя раблю і падбіраю песні нашых беларускіх гуртоў, якія б адпавядалі настрою. І калі я рабіла ў сацыяльных сетках відэа пра тое, што я буду ўдзельнічаць у гэтым кірмашы, шмат хто адгукнуўся. І людзям зручней, гуляючы вось тут па праспекце Гедыміна, падысці да мяне і нешта набыць, чым ехаць да мяне ў майстэрню. Хаця некаторыя прыязджаюць і купляюць менавіта ў майстэрні. І яшчэ ў краму “Кропка” я здаю гэтую серыю, яна таксама там аказалася вельмі папулярнай.
РР: Як вы адбіраеце прыказкі і прымаўкі для свайго посуду?
Наталля Карнеева: Насамрэч усё пачалося з таго, што я недзе пачула, вось самая першая была “перажылі лета гарачае, перажывём і гаўно сабачае”. Гэтае выказванне трохі з гумарам, і я сабе такое ўзяла дадому, таму што яно адпавядае нашай рэчаіснасці, таму, што мы тут усе перажылі ў вымушанай эміграцыі. І яно такое гумарное. А потым я пачала ўсё запісваць, калі што прыходзіла. Была ў мяне талерачка з надпісам “вось і файненька”, “смачна есці” – гэта ўжо зразумела ўсім. А калі размаўлялі з дзяўчатамі наконт выбару месца на кірмашы, і я кажу, што ў нас у Беларусаў ёсць такое “а можа так і трэба”. І я сяджу такая і думаю, што трэба гэта таксама зрабіць на талерцы. І я сабе завяла такую тэчку з выслоўямі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:


Беларускае Радыё Рацыя






