Прыйшла сумная вестка з Ганцавічаў, дзе не стала паэта і былога вайскоўца Аляксея Галаскока.
Аляксей Галаскок нарадзіўся 6 чэрвеня 1949 годзе ў вёсцы Талалайкі Зэльвенскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 у Зэльве паступіў у Рыжскае вышэйшае камандна-інжынернае вучылішча імя маршала СССР Бірузова. Атрымаўшы дыплом і першае воінскае званне лейтэнанта, служыў у розных і часта вельмі аддаленых ад цывілізацыі кропках былога СССР у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. У апошнія гады службы камандаваў ракетным дывізіёнам.
Пасля службы некаторы час выкладаў ваенныя дысцыпліны ў Рыжскім вышэйшым камандна-інжынерным вучылішчы імя маршала СССР Бірузова, якое ў свой час закончыў сам. Звольніўся са службы ў запас у званні падпалкоўніка і разам з сям’ёй пераехаў на сталае месца жыхарства на Ганцаўшчыну — на радзіму сваёй жонкі.
У гады службы Аляксей Галаскок займаўся сваім любімым заняткам — пісаў вершы, якія друкаваліся ў армейскіх газетах і мелі вялікі поспех у саслужыўцаў. Пасля дэмабілізацыі, жывучы на Ганцаўшчыне, пачаў пісаць толькі на беларускай мове і дасягнуў у гэтым пэўнага плёну. Яго вершы змяшчаліся не толькі ў раённай газеце, але і ў рэспубліканскай перыёдыцы — газетах і часопісах. Некаторыя з іх пакладзены на музыку самадзейным ганцавіцкім кампазітарам Валерыем Марцінкевічам і з поспехам выконваюцца на сцэне.
Аляксей Галаскок – аўтар зборнікаў паэзіі «He шкадуюць мяне мае вершы», «Я шчаслівы…», «Беларусь мая родная, мілая…», «Суд над сарокай» і іншых.
Беларускае Радыё Рацыя