У судзе Савецкага раёна горада Гомеля праходзіць разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былога работніка ААТ «Гомельскі завод пускавых рухавікоў» Івана Памесячнага.

Мужчыну абвінавачваюць у знішчэнні, блакаванні або мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі, якія прывялі да цяжкіх наступстваў. Максімальны тэрмін па дадзеным артыкуле — 10 гадоў пазбаўлення волі.
З паведамлення прэс-службы УУС Гомельскага аблвыканкама вядома, што 16 лістапада 2022 года на адным з гомельскіх заводаў па віне наладчыка станкоў і маніпулятараў быў спынены выпуск дэталяў. Работнік выдаліў сістэмныя файлы і выключыў модулі памяці з праграмным забеспячэннем, з-за чаго была спыненая праца 8 металаапрацоўчых станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем.
Агульны памер нанесенай шкоды, па даных следства, складаў больш за 55 тысяч рублёў, што адпавядала асабліва буйному памеру.
Крыніца: «Флагшток»