У Гомельскім абласным судзе на наступным тыдні пачнецца суд над Наталляй Захаранка. Гэта валанцёрка з Украіны, якая да вайны часта бывала ў Беларусі, гандлявала на гомельскіх рынках. З пачаткам расейскай агрэсіі яна стала дапамагаць уцекачам і мігрантам з Украіны. Наталлю абвінавачваюць у шпіянажы, расказвае «Наша Ніва».

Ва ўкраінскіх медыя Наталлю называлі валанцёркай. Сувязь з ёй знікла 19 ліпеня мінулага года, калі яна ў чарговы раз прыехала ў Беларусь. Трывогу забіла дачка жанчыны. Цяпер – праз паўгода – стала вядома пра суд, працэс пачынаецца 15 лютага. Санкцыя па артыкуле «шпіянаж» прадугледжвае пакаранне ад сямі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі. Разам з Наталляй за «непаведамленне аб злачынстве» судзяць яе знаёмую Ларысу Крупу. Ёй пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Беларускае Радыё Рацыя






