Грузія сёлета адпачывае да 12 траўня. На гэты час абвешчаны перапынак у пратэстах, якія адбываліся ў вялікіх гарадах Грузіі цягам апошніх трох тыдняў.
6 траўня 2024 году ў краіне дзяржаўнае свята – дзень хрысціянскага апекуна краіны – Святога Георгія. Святочныя службы, прысвечаныя «Гіяргоба» дню Святога Георгія), праходзяць ва ўсіх дзеючых цэрквах краіны.
Святы Георгій разам з Багародзіцай лічыцца нябесным апекуном Грузіі. Яго памяць Грузінская праваслаўная царква адзначае двойчы ў год – 6 траўня і 23 лістапада. Лістападаўская дата таксама мае статут дзяржаўнага свята і афіцыйнага выходнага.
Георгій Перамоганосец – вершнік, які давіць змея, захаваны на дзяржаўным гербе краіны.
Георгіеўскі крыж – чырвоны крыж на белым фоне, прысутнічае на сцягу грузінскай царквы. Упершыню ён з’явіўся на грузінскіх сцягах пры царыцы Тамары.
Паводле рэлігійнага падання, свята «Гіяргоба» было заснавана Святой Ніно, хрысціянскай асветніцай Грузіі.
Лічыцца, што яна была сваячкай Святога Георгія Перамоганосца, асабліва малілася на яго і завяшчала любіць яго краіне, якую звярнула ў хрысціянства.
Першы храм у гонар Святога Георгія пабудаваў у Грузіі ў 335 годзе цар Мірыян, на месцы пахавання Святой Ніно. Пачынаючы з IX стагоддзя будаўніцтва храмаў і капліц у гонар Святога Георгія стала масавым. У сярэднія стагоддзі ў розных кутках краіны ў імя Святога Георгія было ўзведзена 365 малелен – па колькасці дзён у годзе.
Жыццё святога было ўпершыню перакладзена на грузінскую мову ў канцы X стагоддзя.
У XI стагоддзі Георгій Мтацміндэлі (Святагорац) пры перакладзе «Вялікага Сінаксара» выканаў кароткі пераклад жыцця Георгія.
У народнай традыцыі Святы Георгій лічыцца апекуном воінаў, земляробаў, пастухоў і падарожнікаў. Яму таксама моляцца аб збавенні ад дэманічных сіл.
Георгій – з даўніх часоў і да гэтага часу зʼяўляецца адным з самых распаўсюджаных у Грузіі імёнаў, Імя Георгій могуць вымаўляць па-грузінску зусім па-іншаму, напрыклад Гео.
Беларускае Радыё Рацыя