Тбіліскі гарадскі суд сёння агучыў рашэнне па скарзе беларускага юрыста і праваабаронцы Рамана Кісляка на адмову Дэпартаменту міграцыі МУС Грузіі прадаставіць яму міжнародную абарону.

Паводле пастановы суду, цяпер прашэнне Рамана аб прытулку мусіць быць перагледжанае.
«Суд адмяніў рашэнне Дэпартаменту міграцыі МУС Грузіі аб адмове ў прытулку, але не задаволіў патрабаванне выдаць мне новы адміністратыўна-прававы акт аб статусе ўцекача. З далейшымі крокамі па справе я вызначуся ў бліжэйшы час разам з адвакаткай», – распавёў Кісляк тэлеканалу «Белсат».
Раман Кісляк з 2021 года жыве ў Грузіі. У 2023 годзе ён папрасіў у гэтай краіне прытулку, аднак летась атрымаў адмову.
Пакуль праваабаронца чакаў рашэння, у яго скончыўся тэрмін дзеяння пашпарту – цяпер беларус не можа выехаць з Грузіі, а ў выпадку адмовы ў прытулку і загаду пакінуць тэрыторыю краіны ў яго толькі адзін шлях – у Беларусь, дзе юрысту пагражаюць зняволенне і катаванні.
Беларускае Радыё Рацыя





