У горадзе Ашкелон, Ізраіль, адбылася акцыя ў памяць пра Вітольда Ашурка і іншых беларусаў, якія загінулі за кратамі ў выніку палітычных рэпрэсій.

Акцыя прайшла ў скверы Саламона Міхоэлса — легендарнага габрэйскага актора, забітага савецкімі спецслужбамі ў Менску.
Пра асобу Вітольда Ашурка кажа арганізатар акцыі, жыхар Ашкелона, беларускі актывіст Барыс Балтэ:
– Гэта чалавек, які змагаўся за беларускую Беларусь, каб Беларусь была незалежнай, каб Беларусь была вольнай, каб Беларусь была беларускай. І за гэта яго забілі ў турме, як забівалі іншых палітвязняў. Як вы ведаеце, на жаль, зараз загінуў яшчэ адзін з палітвязняў, які загінуў ад таго, што яму своечасова не аказалі медычную дапамогу, які выступаў супраць вайны ва Украіне, супраць падтрымкі лукашэнкаўскім рэжымам гэтай вайны. Гэтага павінны дамагацца ўсе апазіцыйныя сілы Беларусі – вызвалення палітвязняў.
Падчас акцыі былі запалены знічы і зачытаны імёны тых, хто загінуў ад рук рэжыму. Асаблівая ўвага была нададзеная фігуры Вітольда Ашурка — актывіста з Бярозаўкі, які памёр у шклоўскай калоніі ў траўні 2021 года. Яго імя стала адным з сімвалаў грамадзянскага супраціву ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Барыса Балтэ