«Пашпарт Новай Беларусі», у якой стадыі знаходзіцца праект, спыталі мы арганізатараў, якія працуюць над альтэрнатыўным пашпартам для грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Доўгая дарога да яго прызнання пачалася з таго, што ўжо дакумент можна атрымаць у Вільні, заўважае Франак Вячорка, галоўны дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай. Выдаюцца пашпарты ў пілотным этапе, пакуль яны не замяняюць дакументу для падарожжаў:
-Сотні заявак чакаюць верыфікацыю, многія ўжо атрымалі. Ён пакуль афіцыйна не выдаецца, але людзі ўжо могуць падаваць заяўкі і атрымліваць яго, пакуль мае такі сімвалічны статус. Само сабой гэта не трэвэл-дакумент. Пэўны час, можа быць доўгі час, мы не ведаем, як атрымаецца, ён будзе пасведчаннем асобы, але без магчымасці падарожнічаць. Таму што мы не знайшлі легальнага вырашэння, якім чынам ён замяняе трэвэл-дакументы. А паралельна з “Пашпартам Новай Беларусі” працуем над пашпартамі замежніка, выдачай дакументаў у краінах ЕЗ. Таму гэта два паралельныя трэкі.
У Аб’яднаным Пераходным Кабінеце дасканала ўяўляюць сабе складаны працэс, каб прызнаць гэты дакумент на міжнародным роўні. Тут таксама многае залежыць ад беларусаў, калі пашпарт будзе запатрабаваным – гэта ёсць дадатковым аргументам, які можа пачуць сусветная супольнасць. Працягвае Франак Вячорка:
-Мы будзем паступова збіраць, выдаваць гэтыя дакументы. Калі набярэцца нейкая крытычная колькасць – 1000, 2000 выдадзеных дакументаў – будзе прасцей адвакатаваць. Чым больш будзе выдадзена дакументаў, тым прасцей будзе размаўляць з замежнікамі пра нейкі статус для пашпарта. Калі гэта пару соцень чалавек, нам няма пра што размаўляць. Для пары соцень чалавек мяняць заканадаўства наўрад ці нехта будзе.
Праект «Пашпарт «Новай Беларусі» распачаў Аб’яднаны Пераходны Кабінет пасля таго, як улады пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі фактычна забаранілі беларусам атрымліваць дакументы ў дыпламатычных місіях Беларусі за мяжой. Зафіксавалі выпадкі, калі пэўная катэгорыя беларусаў фактычна засталася без актуальных дакументаў.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






