Напярэдадні 9 траўня сотні плацяжоў вярнуліся адпраўнікам, праблема назіраецца ва ўсіх рэгіёнах краіны, пішуць праваабаронцы з Mayday. Праблема назіраецца ўжо месяц, аднак у апошнія дні здарыўся глабальны збой, які закрануў нават «Беларусбанк».
Спярша праблемы пачаліся з інтэрнэт-банкінгам, і пераводы былі даступныя толькі праз паслугу «М-банкінг» і толькі «перавод па рэквізітах». Аднак апошнія тры дні банкінг паведамляе, што плацеж забаронены. Вядома пра выпадкі, калі грошы вярталіся адпраўніку праз два тыдні, не дабраўшыся да рахункаў СІЗА або калоніі.
У «Беларусбанку» паведамілі, што з гэтага тыдня блакуюцца ўсе рахункі атрымальніка, якія пачынаюцца з лічбаў 36 — гэта ж тычыцца сістэмы АРІП. У якасці часовай меры супрацоўнікі банка прапануюць скарыстацца з сістэмы e-POS, але ёй можна карыстацца толькі тады, калі вядомы асабісты рахунак атрымальніка. Для калёніяў гэта нерэальна.
Пераводы па пошце даступныя, аднак там існуе «чорны спіс», куды ўключаюць асоб, прызнаных «тэрарыстамі», а таксама шэраг палітвязняў без гэтага статусу. З-за блакавання плацяжоў сотні вязняў застаюцца без магчымасці атаварвацца ў турэмнай краме, аплачваць пакоі для працяглых спатканняў і іншыя паслугі, якія надаюць калоніі.