Госць Рацыі – намеснік старшыні “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Барыс Гарэцкі. Пра абранне Рады па медыяэтыцы з ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: З’явілася інфармацыя, што вядомы склад Рады па медыяэтыцы. “Беларуская асацыяцыя журналістаў” надавала вялікую ўвагу пытанням журналісцкай этыкі, потым 2020 год, усё перамяшалася, здаецца, некуды знікла гэтае пытанне. Вось чаму зараз важна было вярнуцца да гэтага пытання? А мо я памыляюся, не вярнуцца, а проста працягваць гэтую працу.
Барыс Гарэцкі: У любой нармальнай краіне ёсць этычны орган самарэгулявання. То бок структура, куды чалавек, глядач, слухач ці герой матэрыялу можа паскардзіцца на тое ці іншае медыя, гэта нармальна. У таталітарных краінах ёсць яшчэ і Міністэрства інфармацыі, куды можна таксама паскардзіцца, і ўлада сама нешта заблакуе ці аштрафуе. У дэмакратычных і ў адкрытых грамадствах ёсць нейкая журналісцкая супольнасць, каторая разглядае такія звароты, унутры сябе вызначае, што ёсць добрая журналістыка, якасная, што ёсць кепская. Да 2020 года ролю органа самакіравання ў беларускай незалежнай медыяпрасторы выконвала камісія па этыцы “Беларускай асацыяцыі журналістаў”. Туды любы чалавек і любая юрыдычная асоба магла паскардзіцца на любое медыя, нават не на сяброў БАЖ, і камісія па этыцы збіралася. Туды на транспарэнтнай аснове на з’ездзе на публічным галасаванні абіраліся 7 чалавек лепшых з прафесіі.
Насамрэч жадаючых не заўсёды шмат, таму што гэта такая няўдзячная даволі справа. Але на апошнім з’ездзе ў Беларусі, памятаю, была канкурэнцыя, нават два чалавекі на месца ў камісію па этыцы. Камісія па этыцы працавала, у адрозненне ад праўладнага камітэта БСЖ, там ёсць падобны камітэт, але ён увогуле ніколі ніводнай скаргі не разглядзеў за сваю гісторыю. Да БАЖа звярталіся кожны месяц літаральна, камісія актыўна разглядала скаргі і на дзяржаўныя, і на недзяржаўныя медыя.
Гэта важна, гэта паказвае, што журналісцкая супольнасць жывая, яна дыскутуе пра этыку, і такія рашэнні хутчэй не пакаранне, а паказ стандарту, што вось так рабіць нельга, ці вось так можна.
Усё гэта паламалася ў 2021 годзе, таму што БАЖ пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі, як і многія іншыя НДА, і камісія па этыцы фізічна перастала існаваць. Ды і час быў такі, што як бы скардзіцца на не зусім дасканалыя моманты ў медыя можна, варта, але медыя знаходзіліся ў такім стане, што ўсім зразумела, што дзесьці не маглі і проста сіл не хапала вытрымліваць тую ці іншую планку.
Увесь 2025 год мы дыскутавалі пра тое, што трэба вяртацца да этычнага органа, таму што нашы медыя ўжо расправілі крылы, ужо дазваляюць сабе вельмі сур’ёзныя, часам спрэчныя тэмы.
Нашы медыя фізічна знаходзяцца ў розных еўрапейскіх краінах і падпадаюць ужо пад дзеянне этычных органаў Літвы, Польшчы, дзе хто знаходзіцца. А тыя ж органы, літоўскія напрыклад, абсалютна не ў курсе беларускіх падзеяў, беларускіх дыскурсаў. І хутчэй за ўсё пры звароце туды, яна будзе выносіць абсалютна нерэлевантнае рашэнне, проста таму, што, да прыкладу, літоўцы будуць проста не ў курсе нашых падзеяў. Таму мы цэлы год прасоўвалі гэтую ідэю, каб ужо была не камісія па этыцы БАЖ, а нейкі супольны орган.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






