Сёння, 31 студзеня, ў Львове развіталіся з беларускім добраахвотнікам Аляксеем Лазаравым (пазыўны – Вуж), які загінуў 19 студзеня пры выкананні баявога задання.

Цырымонія развітання прайшла ў Гарнізонным храме святых апосталаў Пятра і Паўла, пасля чаго працэсія рушыла на плошчу Рынак, дзе праходзіла агульнагарадское развітанне.
Мэр Львова Андрэй Садавы выказаў спачуванні і адзначыў баявы шлях беларуса: «Львоў развітваецца з беларусам, які загінуў, абараняючы Украіну».
Да вайны Аляксей працаваў інжынерам-праграмістам і браў актыўны ўдзел у палітычным жыцці Беларусі. У 2019 годзе ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на так званых парламенцкіх выбарах, стаўшы адным з самых маладых удзельнікаў кампаніі.
Праз пагрозу палітычнага пераследу пасля падзей 2020 года ён быў вымушаны пакінуць радзіму. Аляксею было 27 гадоў.






