BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“У масцы і без”

Часам так адбываецца, што мянушку персанажаў з камедыйна-парадыйных фільмаў ці серыялаў атрымліваюць людзі не толькі далёкія ад гумару, а нават наўпрост – якія знаходзяцца з ім у антаганізме.

Ілля Сарокін, "Доктар Зло", які катаваў украінскіх палонных.
Ілля Сарокін, “Доктар Зло”. Фота: Радыё Свабода

Доктар Зло – легендарны камічны злыдзень з фільмаў пра Остына Паўэрса – даў сваё імя таму, каго наогул цяжка назваць чалавекам. Украінскі расследавальніцкі праект «Схемы» ўстанавіў асобу лекара-ката, які падвяргаў катаванням украінскіх ваеннапалонных у папраўчай калоніі ў Мардовіі. І менавіта палонныя паміж сабой называлі яго “Доктар Зло”: ён катаваў электрашокерам, наносіў удары па спіне і нырках. Часта пабоі былі сканцэнтраваны на геніталіях і суправаджалася пагрозамі згвалтавання. Апроч фізічных, ужываліся псіхалагічныя катаванні: «доктар» імітаваў падрыхтоўку да пакарання смерцю. Па сведчаннях ваеннапалонных-відавочцаў, яго адмова ў аказанні дапамогі прывяла да смерці некалькіх чалавек.

“Доктар Зло” з’яўляўся да палонных у медыцынскай масцы або ў балаклаве з намаляваным чэрапам. Толькі нешматлікім удалося ўбачыць яго твар, калі ён на кароткі момант апускаў маску да падбароддзя. Дзякуючы гэтаму, а таксама тэмбру голасу, «Схемам» удалося ідэнтыфікаваць ката ў белым халаце.

Журналісты прааналізавалі паказанні 150 былых палонных і адкрытыя крыніцы ў сацсетках. На асабістых і афіцыйных старонках лекара і медсанчасткі ўкраінцы пазналі яго на відэа. Малады мужчына, крыху за трыццаць, бацька дваіх дачок, сумленны медык, узнагароджаны граматамі за адданую працу. Расеец з тыповай расейскай сям’і з «традыцыйнымі» каштоўнасцямі: з тых жа сацсетак бачна, што бацька настальгуе па Сталіне, а сам доктар на парад 9 траўня апранае савецкую ваенную форму і ледзь не на вушы чапляе георгіеўскія стужачкі.

Расследаванне ўкраінскіх журналістаў павінна мець англамоўную версію – адмыслова для тых, хто ставіць тэрміны ў 50, затым у 12 дзён. Або да 8 жніўня. Якая наступная лічба ў гэтым лато?

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя