У панядзелак, 22 ліпеня, у судзе Савецкага раёна Мінска адбудзецца працэс над канцэртным фатографам і музыкантам Дзмітрыем Сачыўкам. Яго абвінавачваюць па «народным» артыкуле 342 КК. Пасяджанне пачнецца ў 10.30 і пройдзе ў адкрытым рэжыме, піша «Люстэрка». Справу будзе разглядаць суддзя Вольга Емяльянчанка.
Дзмітрый Сачыўка – музыка і фатограф, у першую чаргу вядомы здымкам рок-канцэртаў, таксама быў журналістам сайта BelMetal. Нядаўна яму споўнілася 38 гадоў.
14 сакавіка 2021 года Дзмітрыя затрымлівалі на святкаванні Масленіцы ў Музеі валуноў у Менску. Яго і яшчэ некалькі чалавек даставілі ў Першамайскае РУУС. Праз два дні адбыўся суд, на якім суддзя Максім Трусевіч прызначыў музыку 30 сутак арышту па артыкуле 24.23 аб «удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».