Менскі гарадскі суд 19 чэрвеня разглядае пазоў Міністэрства юстыцыі з патрабаваннем зліквідаваць грамадзкае аб’яднанне садзейнічання беларуска-расейскай інтэграцыі «Разам», паведамляе svaboda.org. Працэс вядзе суддзя Іна Угнівенка.
Паводле звестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), арганізацыю зарэгістравалі 1 сакавіка 1999 году.
У лютым 2022 году аб’яднанне «Разам» паведаміла Міністэрству юстыцыі пра намер працягнуць сваю працу. На пачатак таго году ў структуры было 125 сяброў (у Берасцейскай вобласці — 25, іншых абласцях і Менску — 95, у Расеі — 5).
У ліку імпрэз арганізацыі, праведзеных у 2021 годзе, фігуруюць толькі два пасяджэнні праўлення. Пра тое, чым канкрэтна займаецца аб’яднанне, інфармацыі ў адкрытым доступе няма.
Намер уладаў зліквідаваць гэтую арганізацыю звяртае на сябе ўвагу ў кантэксце таго, што 8 снежня 2024 году будзе адзначацца 25-годдзе падпісання Дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы.
7 чэрвеня Менскі гарадскі суд мусіў разгледзець пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускага грамадскага аб’яднання выкладчыкаў расейскай мовы і літаратуры, якое ўзначальвае загадчык кафедры расейскай мовы філфака БДУ Іван Роўда (у 2002–2021 гадах ён быў дэканам факультэта). Рашэнне невядомае. У АДР арганізацыя пакуль значыцца як дзейная.