У Менску затрымалі брата Дзяніса Урбановіча – Максіма. Затрыманне адбылося два дні таму, паведамляе “Белсат” са спасылкай на крыніцы.
Паводле інфармацыі крыніц, незадоўга да затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКу прайшлі па сваяках Урбановіча. Цяпер Максім знаходзіцца ў следчым ізалятары. Верагодна, супраць яго распачалі крымінальную справу па трох артыкулах, але па якіх менавіта – невядома.
Дзянісу Урбановічу 34 гады. Ён быў чацвёртым старшынёй «Маладога фронту». У 2022-м годзе пасля ўварвання Расеі ва Украіну паехаў на фронт, ваюе ў батальёне «Волат» з пазыўным Ваўкалак.
Нягледзячы на чатыры раненні і тры кантузіі, працягвае ваяваць на перадавой у зоне баявых дзеянняў. У Беларусі супраць яго распачата крымінальная справа.