Менскія сілавікі працягваюць шукаць удзельнікаў пратэстаў 2020 года. Летась было пачата больш за дзве з паловай тысячы крымінальных спраў, звязаных з “экстрэмізмам” і гэтая практыка не спыніцца, распавяла афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэту па Менску Кацярына Гарлінская.
“Планамерная работа па ўстанаўленні асобы кожнага ўдзельніка беспарадкаў праводзіцца штодня. Толькі ў мінулым годзе паводле артыкула” арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх “прызнаныя падазраванымі больш за тысячу”, – адзначае Гарлінская.
Яшчэ больш за тысячу крымінальных спраў у Менску завялі нібыта за абразу Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады ў Інтэрнэце. Яшчэ частка крымінальных спраў заведзеная нібыта за «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці».
Насамрэч, у Беларусі можна патрапіць пад пераслед за крытыку Лукашэнкі і яго рэжыму і без ужывання ненарматыўнай лексікі і абразаў — проста за сам факт нязгоды.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Па словах генеральнага пракурора Андрэя Шведа, за гэты час было заведзена больш за 16 тысяч крымінальных спраў “экстрэмісцкай скіраванасці”, гэта значыць, палітычнага характару. Згодна з інфармацыяй прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек.