10 студзеня на 93-м годзе жыцця ў Нью-Ёрку памёр беларускі грамадксі дзеяч Кастусь Верабей (1931—2024), піша “Наша Ніва” са спасылкай на Беларускі інстытут навукі і мастацтва.

Кастусь Верабей нарадзіўся 25 верасня 1931 г. у вёсцы Іванкавічы (цяпер Баранавіцкі р-н). Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і. Бацька быў солтысам. Пра жыццё пад савецкай уладай спадар Кастусь згадваў: «На тыя часы жылі мы даволі заможна, пры канцы 1930-х мелі чатыры каровы. Былі ў спісе на вываз у Сібір, насушылі пяць мяхоў сухароў, прыгатавалі два мяхі з сырамі. І калі б не вайна, паехалі б услед за тымі чатырма-пяццю іванкавіцкімі сем’ямі».
У 1944 г. разам з бацькамі Кастусь Верабей выехаў у Нямеччыну. Па сканчэнні вайны апынуўся ў беларускім лагеры у Ватэнштэце. Вучыўся ў беларускай гімназіі, браў удзел у скаўтынгу. У 1951 г. Кастусь Верабей з бацькамі прыехаў у ЗША. Пасяліўся ў Нью-Ёрку. Шмат гадоў працаваў на дзяржаўнай працы: касіў траву, папраўляў дарогі, пілаваў дрэвы.
Кастусь Верабей пісаў у розныя эміграцыйныя перыёдыкі, найперш, газету «Беларус». Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА). У 1982—1993 гг. быў сябрам управы Нью-Ёркскага аддзела арганізацыі. Доўгі час быў распаўсюднікам бюлетэня «Весткі й паведамленні Ньюёркскага аддзелу БАЗА».
Кастусь Верабей быў пахаваны 20 студзеня на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Іст-Брансвіку побач з жонкай. Успаміны спадара Кастуся на пачатку 2000-х запісаў журналіст Аляксандр Адзінец для сваёй кнігі «Беларуская эміграцыя: скрыжаванні лёсаў».






