Чатыры гады таму КДБ затрымала журналістку, палітолага Валерыю Касцюгову. Ужо амаль 3 гады яе ўтрымліваюць у жаночай калоніі №4 у Гомелі. Крыніца, дасведчаная ў справах Касцюговай, паведамляе найперш пра пагаршэнне яе стану здароўя, піша «Радыё Свабода».

Цытата: «Здароўе ў яе дрэннае і яно пастаянна пагаршаецца. У яе гіпатэрыёз [паніжаны ўзровень гармонаў шчытападобнай залозы], але праблема ў тым, што туды не пускаюць добрыя лекі, толькі беларускія аналагі. Таму гэта прыкметна адбіваецца на яе стане: слабасць, хутка стамляецца, парушаная тэрмарэгуляцыя, з-за чаго бывае, што страчвае прытомнасць — на сонцы або асабліва падчас фізічнай працы».
Паводле крыніцы, незадоўга да зняволення ў Валерыі Касцюговай узніклі праблемы з наднырачнікамі, і цяпер ёй патрэбны пастаянны нагляд дактароў, дыета, але гэта ўсё таксама не ўлічваецца. Аблегчанага рэжыму працы Валерыі не даюць. Палітзняволеная працягвае працаваць швачкай.
Нагадаем, што Валерыя Касцюгова была затрыманая 30 чэрвеня 2021 года ў сваёй кватэры. Толькі праз паўтара года пачаўся судовы працэс, на якім жанчыну прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вырак – 10 гадоў у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: «Еўрарадыё»






